31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы можа значна павысіць міжнародны аўтарытэт і сваю значнасць як рэгіянальнай структуры, што эфектыўна падтрымлівае бяспеку на постсавецкай прасторы. Аб гэтым заявіў 31 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў дзяржаў - членаў АДКБ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ўмацаванне арганізацыі адпавядае інтарэсам усіх без выключэння дзяржаў-членаў. Беларусь у якасці старшыні АДКБ імкнецца ўнесці свой уклад у гэты працэс. Менавіта на гэта і накіраваны вылучаныя краінай ініцыятывы на мінулай сесіі Савета калектыўнай бяспекі. "Прапанаваныя намі напрамкі дзейнасці - гэта патрабаванні сучаснай геапалітычнай сітуацыі, а не выдумка Беларусі", - падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт разлічвае, што праца па рэалізацыі беларускіх прапаноў сумесна з партнёрамі па арганізацыі будзе ўзгодненай і плённай, паслужыць на карысць краін. На думку Аляксандра Лукашэнкі, сітуацыя ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, іншых кропках прамоўна сведчыць аб важнасці рэгіянальнага фармату бяспекі. "Нестабільнасць у адной дзяржаве здольна выклікаць эскалацыю напружанасці і дэстабілізацыю ў суседніх краінах. Адсутнасць скаардынаванай палітыкі і дакладна выбудаванай сістэмы калектыўнай бяспекі, на вялікі жаль, часта прыводзіць да катастрафічных наступстваў", - адзначыў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў гэтых умовах асаблівую важнасць набывае каардынацыя дзеянняў дзяржаў-членаў на міжнароднай арэне. "Менавіта міністры замежных спраў павінны адыгрываць ключавую ролю ў збліжэнні пазіцый, выпрацоўцы адзіных падыходаў і адстойванні агульных інтарэсаў", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі дзяржаў АДКБ удасца здзейсніць якасны рывок у забеспячэнні бяспекі на постсавецкай прасторы. На думку Аляксандра Лукашэнкі, для гэтага патрэбны палітычная воля, узаемны давер і гатоўнасць ісці на пэўныя кампрамісы дзеля аб'яднання сіл. "Перакананы, што ўсе гэтыя кампаненты ёсць у дзяржаў - членаў АДКБ", - падкрэсліў ён.