25 мая, Полацк /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў генплан па развіцці Полацка. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, выступаючы падчас канцэрта да 1150-годдзя горада, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы Полацк, ён з радасцю ўбачыў, што горад не застыў у сваім развіцці, не ператварыўся ў горад-музей, які жыве толькі мінулай славай. "Ва ўсім бачна яго імкненне ў будучыню: у новабудоўлях і прамысловых прадпрыемствах, у планах і настроях людзей. Тут паўсюды кіпіць жыццё. Успешна развіваецца эканоміка, сацыяльная сфера, адукацыя і культура, ствараюцца камфортныя ўмовы для палачан і шматлікіх гасцей. І пры гэтым беражліва і разумна захоўваецца багатая спадчына мінулых стагоддзяў", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым, заўважыў Прэзідэнт, ёсць жыхары горада, якія не вельмі ўспрымаюць планы па мадэрнізацыі Полацка. "Я павінен сказаць тым, хто прама, адкрыта ці скрыта спрабуе супрацьстаяць мадэрнізацыі нашага горада: мадэрнізацыя - не перабудова на сучасны лад, мы імкнемся са старажытных стагоддзяў дастаць усё, што сёння не бачым, каб наша нацыя ганарылася тым, што ёсць на полацкіх землях", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Для гэтых людзей хачу сказаць: мною прынята рашэнне - генеральны план аднаўлення Полацка. Гораду Полацку быць як аснове духоўнасці, культуры нашага народа", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Таму тым, хто сёння спрабуе хадзіць па дварах і збіраць подпісы - не спяшайцеся, хутка будуць парламенцкія выбары. Захавайце гэты дух, вам гэта яшчэ спатрэбіцца, а Полацк мы ператворым у сапраўдную Мекку для культурнага чалавека. Рашэнне прынята", - дадаў Прэзідэнт. Падчас наведвання Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандру Лукашэнку далажылі аб праекце па рэстаўрацыі і рэканструкцыі гістарычнай часткі Полацка. У прыватнасці, гаворка ідзе аб развіцці інфраструктуры тэрыторый, прылеглых да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра і Сафійскага сабора. Кіраўнік дзяржавы адобрыў прапанаваныя планы. "Трэба ўсё захаваць і аднавіць", - сказаў ён. "Хочацца верыць, што дзякуючы рэалізацыі канцэпцыі развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка цудоўны горад нібы народзіцца нанова і стане адным з найперспектыўнейшых культурных і турыстычных цэнтраў нашай краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт, выступаючы падчас канцэрта. -0-

БЕЛТА