22 лістапада, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў План прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Леанід Мальцаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Разгледжаны План прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі. План адобраны, заўваг па плане няма, - сказаў Леанід Мальцаў. - Але Прэзідэнтам як старшынёй Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы прынята рашэнне гэты план, паколькі гэта вельмі важны дакумент, зацвердзіць на пасяджэнні ВДС". Па словах Леаніда Мальцава, адпаведнае пытанне будзе ўнесена ў парадак дня на пасяджэнні ВДС Саюзнай дзяржавы. "Дакумент вельмі важны, і прынята рашэнне, што немэтазгодна падпісваць яго без абмеркавання на ВДС", - адзначыў ён. Што тычыцца пытання аб тым, што Расія павінна падтрымліваць Беларусь у забеспячэнні бяспекі Саюзнай дзяржавы, напрыклад, узбраеннем (пра гэта раней заяўляў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. - Заўвага. БЕЛТА), Леанід Мальцаў сказаў: "План прымянення групоўкі ўключае не толькі тактычны задум, але ўключае ў сябе і сістэму ўсебаковага забеспячэння гэтай групоўкі, у тым ліку ўзбраеннем і тэхнікай". Ён адзначыў, што калі гэта агульная групоўка, то і Расія павінна ўдзельнічаць у забеспячэнні ўзбраеннем і тэхнікай гэтай рэгіянальнай групоўкі. Дзяржсакратар Савета бяспекі дадаў, што гэтыя пытанні будуць разгледжаны пры зацвярджэнні Плана прымянення РГВ(с) на Вышэйшым дзяржсавеце. Пытанне аб тым, у чым канкрэтна павінна заключацца ўдзел Расіі ў забеспячэнні РГВ(с), таксама павінна быць прадметам абмеркавання на ВДС, лічыць Леанід Мальцаў. "Такое разуменне, што мы зацвердзілі план і на гэтым усё, - гэта няправільна. Бо групоўку трэба забяспечваць узбраеннем, тэхнікай, боепрыпасамі, гаруча-змазачнымі матэрыяламі і так далей, - сказаў ён. - Таму размова і ішла аб тым, як забяспечыць справядлівае, разумнае, усебаковае забеспячэнне групоўкі. Ніхто не збіраецца нешта з сябе спіхваць або, наадварот, на кагосьці ўзлагаць". -0-

БЕЛТА