1 красавіка, Мінская вобласць /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе Мінсельгаспрад на заключэнне даўгачасных кантрактаў па пастаўках сельгаспрадукцыі за мяжу. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў сёння падчас рабочай паездкі ў Мінскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У прыватнасці, размова вялася аб бульбе. "Трэба ў гэтым годзе заключыць даўгачасныя дагаворы па пастаўцы бульбы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта Масква, Піцер, Расія, частка Украіны, і нам хопіць. Мы ж не будзем бясконца пашыраць пасевы бульбы. Трэба на аптымальныя аб'ёмы заключыць даўгачасныя дагаворы".
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз звярнуў на неабходнасць няўхільнага выканання яго патрабавання па стварэнні належных умоў для захоўвання бульбы. Захоўваць ураджай гэтай культуры ў буртах, дзе страты дасягаюць 30-40%, у сучасных умовах проста недапушчальна. "Маё патрабаванне было звязана перш за ўсё з тым, што гаспадарску не выкарыстоўваецца мноства памяшканняў. Па краіне такіх мора - і ў Мінску, і ў іншых месцах. Трэба давесці да розуму тое, што ёсць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - А вы мне мільярды выкатваеце. Мільярдаў не будзе". Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што неабходна рацыянальна падысці да вырашэння гэтага пытання: калі ў нейкіх пустуючых памяшканнях немагчыма вырошчваць, напрыклад, свініну, але яны могуць зусім падысці пад бульбасховішча. "Трэба па-гаспадарску ставіцца. Настаў час думаць самім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама папярэдзіў, што ўсе прыцягнутыя крэдытныя рэсурсы сельгаспрадпрыемствам давядзецца вяртаць, і дзяржава іх спісваць не будзе. "Калі яны думаюць, што будуць спісаны, або мы ім падорым гэтыя грошы - гэтага не будзе", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Паводле інфармацыі Мінсельгаспрада, у бягучым годзе плануецца атрымаць у сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках 1,5 млн.т бульбы, з якіх больш за 430 тыс.т можна будзе накіраваць на экспарт.
У цяперашні час у сельскай гаспадарцы рэспублікі маюцца бульбасховішчы ёмістасцю 231,3 тыс.т. У мэтах выключэння захоўвання бульбы ў буртах у адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы прадугледжана пабудаваць і рэканструяваць у сельгаспрадпрыемствах і фермерскіх гаспадарках бульбасховішчы ёмістасцю 356,2 тыс.т.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка арыентуе Мінсельгаспрад на заключэнне даўгачасных кантрактаў па пастаўках сельгаспрадукцыі за мяжу
1.4.20110 праглядаў