13 мая, Бешанковічы /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе на адкрыццё вытворчасцей, якія прыносяць хуткі прыбытак. Аб гэтым ішла размова сёння падчас яго рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў наведанае напярэдадні фруктасховішча ў ААТ "Александрыйскае" і іх вопыт па вырошчванні грыбоў вешанак. Тады ж кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне аб будаўніцтве завода па вытворчасці грыбоў. Гэта эфектыўная вытворчасць са стопрацэнтнай рэнтабельнасцю, пры гэтым не патрабуе практычна ніякіх укладанняў. "Попыт на гэту прадукцыю шалёны. А гэта хуткія грошы. Працуе тры чалавекі, а якая аддача ад вытворчасці, - сказаў Прэзідэнт. - Калі ёсць попыт, значыць, трэба рабіць. Трэба шукаць, дзе можна зарабіць хуткія грошы". У цэлым характарызуючы папярэдні дзень рабочай паездкі, Прэзідэнт зноў загаварыў аб Шклоўскім раёне як аб своеасаблівым узоры вядзення гаспадаркі для іншых рэгіёнаў краіны. "Я думаю, ёсць сэнс прыгледзецца да Шклоўскага раёна. Мы дзесьці навобмацак, дзесьці планава, але выйшлі на тое, што трэба. Гэта адзін з варыянтаў таго, як трэба рабіць. У гэтым годзе практычна ўсе гаспадаркі Шклоўскага раёна будуць працаваць рэнтабельна і без датацый", - падкрэсліў Прэзідэнт. Ён таксама дадаў, што ёсць раёны, куды дзяржава ўклалася, але пакуль не адчувае патрэбнай аддачы. Шклоўскі ж раён працуе добра ў гэтым годзе, таму кіраўнік дзяржавы лічыць, што такую структуру вядзення гаспадаркі могуць прымяняць у сябе і іншыя рэгіёны краіны. Што тычыцца Віцебскай вобласці, то Аляксандр Лукашэнка пахваліў губернатара Аляксандра Касінца за значныя зрухі ў вядзенні сельскай гаспадаркі. "Зрухі рашучыя ў Віцебскай вобласці па культуры земляробства. Але яшчэ ёсць над чым працаваць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Калі вы ўсюды так працуеце, як там, дзе я праляцеў, то гэта вялікі зрух. Але гэта толькі палова. За гэты год трэба зрабіць усё астатняе", - дадаў ён. У той жа час Аляксандр Лукашэнка жорстка папярэдзіў аб недапушчальнасці выпадкаў бязгаспадарнасці. "Як толькі выявім бязгаспадарнасць, адразу ўрэжам усе дзяржпраграмы на гэту суму", - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-

БЕЛТА