14 снежня, Віцебск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае станоўчую дынаміку ў сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці. Пра гэта Прэзідэнт заявіў сёння падчас рабочай паездкі ў гэты рэгіён, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр Косінец далажыў аб ходзе выканання асноўных прагнозных паказчыкаў. У прыватнасці, па такіх найважнейшых, як рост валавога рэгіянальнага прадукту і заробкаў, рэгіён знаходзіцца ў лідарах. У снежні гэтага года сярэдні заробак павінен скласці $580, а ў 2015-м чакаецца яго рост да $1 тыс. у эквіваленце. Пры гэтым у вобласці тэмп росту прадукцыйнасці працы апярэджвае рост заработных плат. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі (тавараў, работ і паслуг) у разліку на аднаго працаўніка ў 2012 годзе складзе амаль $58 тыс. У 2013-м плануецца павелічэнне гэтага паказчыка да $70 тыс., а ў 2015 годзе - да $103 тыс. Разам з тым была звернута ўвага на праблему закрэдытаванасці прадпрыемстваў вобласці і неабходнасць выпрацоўкі механізму вяртання крэдытных рэсурсаў. У гэтым пытанні ў чыноўнікаў, якія суправаджалі Прэзідэнта, былі розныя меркаванні, аднак Аляксандр Косінец запэўніў, што Віцебская вобласць здольная выконваць узятыя на сябе абавязацельствы па вяртанні і абслугоўванні крэдытаў. "Так, мы ўзялі крэдыты, але мы паспелі ва ўмовах фінансава-эканамічнага крызісу мадэрнізаваць многія напрамкі, і як вынік, мы сёння атрымліваем дабаўленую вартасць і маем канкурэнтаздольную прадукцыю з улікам уступлення Расіі ў СГА. Нас гэта (Закрэдытаванасць - Заўв. БЕЛТА) не палохае. У нас няма пратэрмінаванай запазычанасці", - заявіў губернатар. Аляксандр Косінец таксама далажыў аб мадэрнізацыі прамысловых і сельскагаспадарчых арганізацый, сацыяльнай сферы. "Віцебская вобласць фактычна сядзела на імпартнай іголцы. Прыкладна на 70% прамысловасць залежала ад імпартнай сыравіны, такой як нафта, газ і мазут. Мы паставілі задачу з 2008 года развіваць перапрацоўчую прамысловасць, машынабудаванне, дрэваапрацоўку, радыёэлектроніку. За гэты час мы ўжо на 10% паменшылі ўдзельную вагу нафтахімічнай прамысловасці. Да 2015 года ўдзельная вага павінна складаць толькі 45%", - распавёў губернатар.