30 верасня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую ролю айчыннага машынабудавання і навукі ў развіцці аграрнай галіны. На гэтым ён акцэнтаваў увагу, выступаючы сёння на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2011", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, многія галіны эканомікі дзяржавы ўносяць свой уклад у народны каравай. "Мы па праву можам ганарыцца, што айчыннае машынабудаванне забяспечыла вёску сучаснай тэхнікай - камбайнамі, трактарамі і іншымі агрэгатамі. Галоўнае, што ўсё гэта мы робім самі", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама сказаў, што добра папрацавалі на ўраджай хімікі, транспартнікі, работнікі сферы абслугоўвання, адукацыі, вайскоўцы. Паводле яго слоў, нельга не адзначыць актыўную ролю нашай навукі ў развіцці аграрнай галіны. Асноўныя плошчы пасеваў занятыя сортамі беларускай селекцыі. Істотны рывок зроблены ў асваенні сучасных сельскагаспадарчых тэхналогій як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі.
Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што нашым вучоным пад сілу стварэнне айчынных цвёрдых сартоў пшаніцы, тым больш што пэўныя напрацоўкі ўжо ёсць. Тады мы зможам цалкам адмовіцца ад імпарту цвёрдых сартоў пшаніцы.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка адзначыў вялікую ролю айчыннага машынабудавання і навукі ў развіцці аграрнай галіны
30.9.20110 праглядаў