27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў адправіць урад у адстаўку, калі ён не забяспечыць стабільнасць у краіне. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе аб бягучай сітуацыі на спажывецкім і валютным рынку, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Калі вы дакладна пралічылі цану валюты, што Br5 тыс. здымае спекулятыўны попыт, то забяспечвайце адзіны курс. Але кожны дзень павінна быць дынаміка. Калі гэтай дынамікі не будзе, вы першыя - Міхаіл Уладзіміравіч (Мясніковіч. - Заўвага БЕЛТА) і Пётр Пятровіч (Пракаповіч. - Заўвага БЕЛТА) - пакладзяце партыйныя білеты, кажучы савецкай мовай", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узяць пад кантроль усіх, хто сабатуе рашэнні кіраўніцтва краіны. "Калі з сённяшняга дня прынята рашэнне аб тым, што нажывацца на праблемах нельга, а нехта гэта робіць, - прымяняйце любыя метады: адбірайце ліцэнзіі, саджайце ў турму", - сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прысутных на нарадзе, папярэдзіў, што "не прыйшоў сёння, каб некага адправіць на вуліцу з мятлой". "Але папярэджваю: не выканаеце маіх патрабаванняў - галовы паляцяць. Вы больш з мяне крызіснага кіраўніка рабіць не будзеце. Кожны сядзіць з партфелем - працуйце!" - падкрэсліў Прэзідэнт. "Запомніце адно - спакойнага жыцця нам не дадуць. Мы гэта ведалі ў сярэдзіне мінулага года, нас папярэджвалі: мы вам пакажам кузькіну маці ў красавіку-маі. Што і зрабілі. Пачалі са слухаў, спарадзілі ажыятаж. Добра, што яшчэ ваяваць не пачалі, як гэта ў Лівіі, Егіпце, Тунісе, Іспаніі, Грэцыі і г.д.", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Так ачмяніцеся і вазьміцеся за розум, калі хочаце жыць у спакойнай краіне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па словах Прэзідэнта, сёння відаць, хто падстэгоўвае гэты ажыятаж і хоча прыхапіць усё лепшае, што ёсць у Беларусі. "Акцывы ім, бачыце, давайце! Грошы наперад - заўтра будуць крэслы", - сказаў кіраўнік дзяржавы. -0-

БЕЛТА