23 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі не будзе адыходу ад сацыяльна арыентаванай эканомікі. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Не я распрацоўваў гэту эканамічную мадэль - гэта вы, насельніцтва Беларусі, запатрабавалі ад мяне сацыяльна арыентаваную эканоміку, а я дадаў - рынкавую, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Чаму рынкавую? Трэба канкураваць, змагацца, зарабляць. Тады будзе сацыяльна арыентаваная эканоміка. Вы мне працаваць рынкавымі метадамі не дазвалялі".
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што "ў любой дзяржаве - ёсць у яе энергетычныя рэсурсы, сыравіна ці няма - эканоміка павінна быць сацыяльна арыентаванай, альбо будзе тое, што сёння адбываецца ў Грэцыі, Амерыцы, ва ўсёй Еўропе - бойка, бойня, страляніна, і тое яшчэ будзе".
"Я хачу, каб у нас была нармальная эканоміка, з чалавечым тварам, - адзначыў беларускі лідар. - Таму адыходу ад сацыяльна арыентаванай эканомікі не будзе".
Што тычыцца ацэнкі працы эканамічнага блока ўрада, былога кіраўніцтва Нацыянальнага банка, то Прэзідэнт не схільны папракаць спецыялістаў у тым, што яны некампетэнтныя. "Гэта няправільна, яны валодаюць не толькі інструментамі рэалізацыі сучаснай палітыкі - яны валодаюць наборам многіх варыянтаў развіцця краіны, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Яны ведаюць усё, прапануюць, прымаюць рашэнні. Недахопаў хапае - гэта таксама праўда".
"Мы на правільным шляху, ламаць краіну, эканоміку і грамадства я сёння не маю намеру, мы ў стане спакойна, мэтанакіравана пераадолець негатыў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Палітыка не церпіць шарахання, а ў эканоміцы гэта наогул недапушчальна, рэзюмаваў Прэзідэнт.-0-
БЕЛТА
А.Лукашэнка: адходу ад сацыяльна арыентаванай эканомікі ў Беларусі не будзе /дапоўнена/
23.12.20110 праглядаў