8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маючыя адбыцца парламенцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці адкрыта, свабодна і ў канкурэнтнай барацьбе. Аб гэтым 8 чэрвеня заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіяй Ярмошынай, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Пасланні беларускаму народу і парламенту ўжо выказваў сваё меркаванне аб правядзенні маючай адбыцца выбарчай кампаніі. Ён падкрэсліў, што выбары павінны прайсці адкрыта, свабодна і ў канкурэнтнай барацьбе. "Я да гэтага часу лічу, што мы ў гэтым годзе не павінны ні пад каго падладжвацца. Вы ўжо пераканаліся па мінулых нашых падобных мерапрыемствах, што падзякі мы ад гэтага не атрымаем. Ды і не трэба нам ні ад кога "падзякі". Нам трэба арыентавацца на ўласнае заканадаўства і Канстытуцыю, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Мы парламенцкія выбары, як і іншыя, праводзім для сябе, для нашай дзяржавы, і народ павінен у сумленнай і канкурэнтнай барацьбе вызначыць, хто будзе працаваць у нашым парламенце".
Па словах Лідзіі Ярмошынай, выбарчае заканадаўства напярэдадні парламенцкіх выбараў мяняцца не будзе, так як, па-першае, гэта немагчыма па тэрмінах, а па-другое, такі падыход цалкам адпавядае рэкамендацыям АБСЕ аб непажаданасці рэформ у гэтай сферы на працягу года перад пачаткам выбарчай кампаніі. "У студзені 2010 года ў выбарчае заканадаўства былі ўнесены змены, якія значна дэмакратызавалі выбарчы працэс у нашай краіне. Уся гэтая працэдура прайшла ў адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ", - сказала кіраўнік ЦВК.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка: парламенцкія выбары павінны прайсці адкрыта, свабодна і ў канкурэнтнай барацьбе
8.6.20120 праглядаў