29 жніўня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Педагагічнай грамадскасці Беларусі патрэбна "трасяніна". Аб гэтым заявіў сёння на нарадзе педагагічнага актыву Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Далей нецярпіма так, як развіваецца наша школа ў цэлым. Наліцо ўжо не ў асобных, а ў многіх выпадках масавае парушэнне элементарнага парадку, адсутнасць кантролю, бачнай перспектывы", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, праведзены нядаўна маніторынг дзейнасці ўстаноў адукацыі паказаў, што "настаўнік прыходзіць у школу, як на завод, фабрыку: адпрацаваў час і пайшоў дадому". "Так школа развівацца не можа. Гэта не той кірунак развіцця школы", - падкрэсліў Прэзідэнт.
На думку кіраўніка дзяржавы, большасць праблем назапашвалася гадамі з прычыны пасіўнасці і абыякавасці асобных кіраўнікоў і педагогаў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што далей так працягвацца не можа. "У нашым крузе, скажу шчыра, назрэла неабходнасць "трасянуць" усю педагагічную грамадскасць краіны", - сказаў ён.
Прэзідэнт заклікаў педагогаў да шчырай размовы. "Давайце шчыра адкажам на ўсе пытанні, вызначым, чаму гэта адбываецца, і неадкладна выправім становішча, захаваем высокі ўзровень і аўтарытэт нашай адукацыі, які склаўся сёння і які прызнаюць ва ўсім свеце", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка лічыць, што педагогі складаюць аснову грамадскага жыцця. "Без нашага настаўніцтва не было б нармальнай палітыкі ў нашай дзяржаве. Вы сапраўды аснова палітыкі нашай дзяржавы. Усе палітычныя кампаніі, усе напрамкі дзейнасці ў краіне так ці інакш абапіраюцца на вас. Вы як былі ў савецкія часы, так і застаецеся асноўнымі праваднікамі ідэй нармальнага развіцця нашай дзяржавы і асновай, калі хочаце, стабільнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка: педагагічнай грамадскасці Беларусі патрэбна "трасяніна"
29.8.20110 праглядаў