25 мая, Полацк /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Пашана слаўных старонак летапісу свайго народа – аснова патрыятызму і грамадзянскасці людзей. Аб гэтым заявіў сёння кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, выступаючы падчас канцэрта да 1150-годдзя Полацка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Гэтая дата знамянальная не толькі для палачан. Яна выклікае глыбокае пачуццё нацыянальнага гонару ў сэрцы кожнага беларуса. Пашана слаўных старонак летапісу свайго народа – аснова патрыятызму і грамадзянскасці людзей. Як карані жывяць і надаюць устойлівасць дрэву, так і гістарычнае мінулае, павага да спраў продкаў узвышаюць і акультурываюць чалавека, фарміруюць і ўмацоўваюць нацыю", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта на полацкай зямлі бярэ пачатак беларуская дзяржаўнасць. Горад адыграў выдатную ролю ў гісторыі і як духоўная калыска народа. "Менавіта адсюль распаўсюдзілася па беларускай зямлі святло праваслаўнай веры, пісьменнасці і мастацтва", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Разам з тым ён адзначыў, што горад не застыў у сваім развіцці, не ператварыўся ў горад-музей, а накіраваны ў будучыню.-0-

БЕЛТА