28 чэрвеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па найбольш актуальных пытаннях дыверсіфікацыі знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі, а таксама супрацоўніцтву з Венесуэлай, Расіяй і Украінай заявіў аб неабходнасці пошуку альтэрнатыўных маршрутаў паставак энерганосьбітаў у краіну, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Адкрываючы нараду, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу прысутных на тое, як у апошнія месяцы і гады развіваецца сітуацыя вакол Беларусі, перш за ўсё ў эканамічнай і гандлёва-эканамічнай сферах. "Ды і ў палітычнай нямала пытанняў", - адзначыў ён. "Вы бачыце, якую пазіцыю займае пры гэтым наш усходні сусед, ды і заходні сусед у асобе ЕС", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, натуральна і аб'ектыўна, што народу Беларусі, якая з'яўляецца адносна маладой дзяржавай на карце свету, "прыйдзецца даказваць сваім інтэлектам, розумам, не дай бог сілай неабходнасць і магчымасць жыць на гэтай зямлі як нацыі, як народу". Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што Расія для Беларусі застанецца добрым суседам і сябрам. "Усё гэта пройдзе (канфлікты ў адносінах. - Заўвага. БЕЛТА). Але мы павінны зыходзіць з класічных нормаў існавання любой дзяржавы - альтэрнатыўнасці і дыверсіфікацыі адносін. Мы не можам залежаць ад адной дзяржавы, аднаго цэнтра паставак, няхай гэта будуць энергетычныя рэсурсы, сыравіна, камплектуючыя. Мы павінны ляцець, як кажуць у Беларусі, "на двух крылах", - падкрэсліў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, што нельга вітаць у аблоках, а неабходна жорстка адстойваць інтарэсы рэспублікі.