14 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 13 студзеня 2011 года падпісаў Кодэкс аб адукацыі, прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Кодэкс аб адукацыі грунтуецца на дзеючых законах ("Аб адукацыі", "Аб прафесійна-тэхнічнай адукацыі", "Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыі)", "Аб агульнай сярэдняй адукацыі", "Аб вышэйшай адукацыі"), Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года №15 "Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі" і накіраваны на комплекснае і сістэмнае рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы адукацыі. Кодэкс прадугледжвае стварэнне на базе існуючых прававых інстытутаў адзінага, цэласнага механізму прававога рэгулявання адукацыйных адносін, забяспечвае сістэматызацыю і ўпарадкаванне прававых норм, скарачэнне колькасці нарматыўных прававых актаў у гэтай сферы, а таксама ўстараненне іншых існуючых недахопаў у рэгуляванні адукацыйных адносін. Пры гэтым нормы кодэкса забяспечваюць пераемнасць прававога рэгулявання адукацыйнай сферы і не прадугледжваюць канцэптуальных змяненняў гэтых адносін. Структурна кодэкс складаецца з агульнай і асаблівай частак, у якіх паслядоўна і сістэмна выкладзены ўстояныя і апраўдаўшыя сябе прававыя нормы, а таксама нормы, запатрабаваныя сучасным станам адукацыйных адносін. Закрэплена існуючая на практыцы сістэма адукацыі. Згодна з кодэксам, адукацыя падраздзяляецца на асноўную адукацыю (уключае ўзроўні дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі), дадатковую адукацыю (дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі, дадатковая адукацыя дарослых), спецыяльную адукацыю. Дакументам вызначаны суб'екты адукацыйных адносін, да якіх аднесены навучэнцы, законныя прадстаўнікі непаўналетніх навучэнцаў, педагагічныя работнікі, установы адукацыі, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, якім прадастаўлена права ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці (у тым ліку названы адукацыйныя вобласці, дзе яны могуць ажыццяўляць такую дзейнасць), устаноўлены правы і абавязкі ўсіх суб'ектаў адукацыйных адносін.