А. Лукашэнка падпісаў закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год
18.10.20100 праглядаў
18 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка падпісаў законы "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год", "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь", "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь" і "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на 2011 год". Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Названыя дакументы прыняты 14 верасня 2010 года Палатай прадстаўнікоў (за выключэннем закона "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2011 год", які быў прыняты 7 верасня 2010 года) і адобраны 4 кастрычніка 2010 года Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
У дадзеных законах на 2011 год прадугледжаны шэраг мер, накіраваных на далейшае ўдасканаленне ў Рэспубліцы Беларусь падатковай палітыкі і захаванне сацыяльнай накіраванасці дзяржаўных расходаў.
У прыватнасці, з мэтай далейшага спрашчэння падатковай сістэмы Законам Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь" з 1 студзеня 2011 года прадугледжваецца наступнае.
1. Адмяніць:
мясцовы падатак на паслугі, які спаганяецца па стаўцы 5% ад выручкі;
мясцовы збор на развіццё тэрыторый, які выплачваецца па стаўцы ў межах 3% з прыбытку;
некаторыя плацяжы экалагічнага падатку:
за перапрацоўку нафты і нафтапрадуктаў арганізацыямі, якія ажыццяўляюць перапрацоўку нафты;
за перамяшчэнне па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь нафты і нафтапрадуктаў магістральнымі нафтаправодамі і нафтапрадуктаправодамі транзітам;
за вытворчасць і (або) імпарт тавараў, якія ўтрымліваюць у сваім складзе 50 і больш працэнтаў лятучых арганічных злучэнняў.
Па разліках урада, рэалізацыя названых мерапрыемстваў дазволіць знізіць падатковую нагрузку ў 2011 годзе на 0,4% да ВУП і пакінуць у распараджэнні плацельшчыкаў Br721,2 млрд.
2. Выключыць два самастойных падатковых плацяжы за кошт уключэння ў склад:
экалагічнага падатку - збору пры ўвозе на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь азонаразбуральных рэчываў;
дзяржаўнай пошліны - збору за выдачу дазволаў на праезд аўтамабільных транспартных сродкаў па тэрыторыях замежных дзяржаў.
3. Скараціць колькасць пералічэнняў падаткаў у бюджэт:
па падатку на прыбытак – перайсці на штоквартальную выплату падатку з падачай падатковай дэкларацыі адзін раз у год (сёння ў 70% выпадкаў гэтыя дзеянні ажыццяўляюцца штомесяц);
па ПДВ – адмяніць "авансавыя" плацяжы (шэсць плацяжоў у месяц) і ажыццяўляць выплату гэтага падатку адзін раз у месяц або адзін раз у квартал – па рашэнні плацельшчыка. Пры гэтым тэрміны выплаты ПДВ (месяц або квартал) будуць вызначацца плацельшчыкам самастойна без прывязкі да памеру выручкі, як гэта адбываецца зараз. У выніку колькасць плацяжоў скароціцца з 72 да 4-12 у год;
па акцызах – адмяніць "авансавыя" плацяжы (шэсць плацяжоў у месяц) і ажыццяўляць выплату гэтага падатку адзін раз у месяц.
4. Удасканаліць механізм спагнання асноўных падаткаў – падатку на прыбытак і ПДВ за кошт:
пашырэння магчымасці прымянення льготы па прыбытку, накіраваным на капітальныя ўкладанні. Прыбытак будзе вызваляцца ад падаткаабкладання па факце ажыццяўлення інвестыцый без сувязі з выкарыстаннем амартызацыйнага фонду, як гэта адбываецца ў цяперашні час. Пры гэтым, каб не дапусціць значных страт бюджэту ў сувязі з адменай абмежавання памеру падатковай ільготы сумай выкарыстанага на капітальныя ўкладанні амартызацыйнага фонду, прапануецца абмежаваць магчымасць прымянення льготы па падатку на прыбытак 50% валавога прыбытку;
прадастаўлення плацельшчыкам права прымаць без абмежаванняў да выліку "уваходны" ПДВ, выплачаны пры набыцці інвестыцыйных тавараў, што будзе спрыяць зніжэнню кошту інвестыцыйных праектаў і больш шырокаму прыцягненню інвестыцый. Таксама прапануецца прадаставіць плацельшчыкам права пры ажыццяўленні інвестыцыйных выдаткаў прымаць да выліку роўнымі долямі на працягу каляндарнага года (у памеры 1/12 або 1/4) сумы "уваходнага" ПДВ, які застаўся пасля выліку сум ПДВ у межах сум падатку, налічаных па рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), маёмасных правоў.
Ажыццяўленне ўказаных мер дазволіць наблізіць падатковую сістэму Рэспублікі Беларусь па складзе падаткаў і збораў, перыядычнасці іх выплаты да падатковых сістэм развітых краін.
Плацельшчыкі пры ажыццяўленні звычайнай дзейнасці будуць плаціць толькі 8 асноўных падаткаў (падатак на прыбытак, акцызы, ПДВ, экалагічны падатак, зямельны падатак, падатак на нерухомасць, сацыяльныя плацяжы), уносіць на працягу года ў бюджэт 20 падатковых плацяжоў і падаваць 11 падатковых дэкларацый (у цяперашні час – 104 падатковыя плацяжы і 30 падатковых дэкларацый).З улікам узносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны колькасць падатковых плацяжоў будзе складаць 32 у год, а колькасць дэкларацый – 15.
Варта адзначыць, што рэформы, праведзеныя ў 2010 і 2011 гадах, дазволяць павысіць рэйтынг Рэспублікі Беларусь у даследаванні "Вядзенне бізнесу-2013" па паказчыку "Падаткаабкладанне" да 70 месца са 183 месца ў 2009 годзе.
Унясенне дапаўненняў і змен у Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь накіравана на ўніфікацыю норм бюджэтнага і падатковага заканадаўства, прывядзенне яго асобных палажэнняў і тэрмінаў (найменняў даходаў і відаў расходаў) у адпаведнасць з нарматыўнымі прававымі актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
У Законе Рэспублікі Беларусь "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2011 год" прадугледжваецца, што даходы рэспубліканскага бюджэту ў 2011 годзе складуць Br33,61 трлн., а расходы – Br39,61 трлн. Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту прагназуецца ў памеры Br6 трлн. (або 3% ад ВУП), што адпавядае нацыянальным і міжнародным стандартам фінансавай бяспекі.
У якасці асноўных мэт бюджэтнай палітыкі на 2011 год вызначаны захаванне дасягнутага якаснага ўзроўню сацыяльных паслуг, падтрымка рэальнага сектара эканомікі, рэалізацыя праграмы жыллёвага будаўніцтва і іншыя сацыяльна значныя праграмы.
У 2011 годзе ў параўнанні з 2010 годам расходы базавых галін сацыяльнай сферы (ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная палітыка, фізічная культура і спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) плануецца павялічыць на 40%.
У Законе Рэспублікі Беларусь "Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь на 2011 год" зацвярджаюцца на 2011 год расходы названага Фонду ў суме Br20,49 трлн. з улікам прагназуемых даходаў у аб'ёме Br20,69 трлн., што адпаведна на 15% вышэй за запланаваныя на 2010 год. Перавышэнне даходаў над расходамі складзе Br197 млрд., што на 26% больш за прадугледжанае на 2010 год.
Галоўнай крыніцай даходаў Фонду з'яўляюцца узносы на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне Br20,21 трлн. (97,7% даходаў Фонду).
Асноўнымі напрамкамі выкарыстання сродкаў Фонду стануць:
пенсійнае забеспячэнне – Br16,45 трлн. (80,3% расходаў Фонду);
выплата дапамог сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, – Br1,56 трлн. (7,6%);
выплата дапамог па часовай непрацаздольнасці – Br1,35 трлн. (6,6%), па цяжарнасці і родах – Br367,8 млрд. (1,8%).-0-БЕЛТА