18 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае планы па зніжэнні аб'ёмаў дзяржпадтрымкі сельскай гаспадаркі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 18 мая, сустракаючыся ў Мінску з дэлегацыяй Санкт-Пецярбурга на чале з губернатарам Георгіем Полтаўчанка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўкладзеныя ў сельскую гаспадарку сродкі і пастаянная ўвага гэтай сферы "дае магчымасць мець сёння самую якасную прадукцыю". "У свой час, спалохаўшыся Чарнобыля, мы ўстанавілі стандарт якасці на прадукты харчавання вышэйшы, чым у Еўрасаюзе", - сказаў ён.
Што тычыцца крытыкі, якая гучала не так даўно ў адрас Беларусі за вялікія аб'ёмы падтрымкі аграрнага сектара, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў рамках ЕЭП бакі дамовіліся ў найбліжэйшы час выйсці ў гэтым пытанні на адзіны ўзровень. Гэта стварае роўныя ўмовы для паставак тавараў і развіцця канкурэнцыі. "Мы ад гэтага сыходзім (маштабных датацый сельскай гаспадарцы). Пачынаем у сельскай гаспадарцы займацца тымі праблемамі, якімі дзяржава павінна займацца: будаваць дарогі, аб'екты сацкультбыту, меліяраваць землі", - сказаў Прэзідэнт.
У сваю чаргу губернатар адзначыў, што супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі з'яўляецца адной з галоўных тэм двухбаковага ўзаемадзеяння. Ён падкрэсліў, што беларускія тавары запатрабаваны ў Санкт-Пецярбургу і адрозніваюцца высокай якасцю: "На самай справе запатрабавана беларуская прадукцыя, і пецярбуржцы з задавальненнем яе купляюць".
У цяперашні час рэалізуецца праграма па стварэнні ў паўночнай сталіцы Расіі тавараправодзячай сеткі з 50 крам крокавай даступнасці, у якіх будуць прадавацца беларускія тавары.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка пацвярджае планы па зніжэнні аб'ёмаў дзяржпадтрымкі сельскай гаспадаркі
18.5.20120 праглядаў