24 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць рэальныя даходы насельніцтва не ніжэй за ўзровень 2010 года. Кіраўнік дзяржавы 21 кастрычніка прыняў з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзею Ермакову, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Міхаіл Мясніковіч праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб тым, як працуе эканоміка ва ўмовах новага курсаўтварэння, у тым ліку аб разліках урада па грашовых даходах насельніцтва. "Прэзідэнтам дадзены даручэнні, каб рэальныя даходы, гэта значыць даходы, скарэкціраваныя на ўзровень інфляцыі, забяспечвалі жыццёвы ўзровень не ніжэйшы, чым ён быў дасягнуты ў 2010 годзе", - паведамілі ў прэс-службе.
Акрамя таго, Міхаіл Мясніковіч далажыў Аляксандру Лукашэнку аб разліках урада ў сферы будаўніцтва жылля і сельскагаспадарчых аб'ектаў. "Мы ўвядзём у гэтым годзе не менш чым 83 малочна-таварныя фермы і каля 6 млн. кв.м жылля. Для гэтага ёсць усе крыніцы, яны розныя, але тыя, якія б не паўплывалі адмоўна на курсавую палітыку", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Акрамя іншага, кіраўніку дзяржавы было даложана аб асноўных падыходах па прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця і фарміраванні бюджэту 2012 года. "Мы павінны ўсе варыянты разгледзець і прыняць не пад самы Новы год, а загадзя, каб ужо ў лістападзе мы маглі разглядаць гэтыя пытанні і дакладаць кіраўніку дзяржавы ў разгорнутым выглядзе, - адзначыў кіраўнік урада. - Таму мы ў якасці прыярытэтнай ставім задачу па стабілізацыі сітуацыі на валютным і спажывецкім рынку, забеспячэнні развіцця рэальнага сектара эканомікі".-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка даручыў забяспечыць рэальныя даходы насельніцтва не ніжэй за ўзровень 2010 года
24.10.20110 праглядаў