29 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў канчаткова прапрацаваць пытанне па стварэнні ў Беларусі нацыянальнай прадуктовай кампаніі. Дадзенае пытанне абмяркоўвалася 26 красавіка падчас наведвання кіраўніком дзяржавы Палескага вытворчага ўчастка ААТ "Малочныя прадукты" у Хойніках, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Размова, у прыватнасці, ішла аб функцыянаванні ў Гомельскай вобласці буйнога мяса-малочнага холдынгу і стварэнні на базе падобных холдынгаў іншых абласцей нацыянальнай кампаніі. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў гэтай сферы неабходна мець адзіную пазіцыю па цэнаўтварэнні, каб па максімальна выгаднай цане пастаўляць прадукцыю на знешнія рынкі. Але нацыянальная кампанія не павінна браць на сябе функцыю рэалізацыі, каб не падарваць ініцыятыву вытворцаў.

"Вы знайдзіце сваё месца ў той сістэме, якая яшчэ ствараецца. Вазьміце на сябе пэўныя функцыі, каб яны, па-першае, не канкуравалі і каб краіна па максімуме, прадаючы прадукцыю, атрымлівала даход, - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніцтва аграрнай галіны. - Не трэба лезці ў іх гаспадарчую дзейнасць, грошы, якія яны атрымліваюць. Але калі ўбачыце, што нехта выходзіць на знешнія рынкі і, дамовіўшыся, пачынае збіваць цэны, прыміце меры. А калі мы забярэм рэалізацыю, то знікне цікавасць. Без грошай не будзе ініцыятывы. Але ў вас павінен быць кантроль і стратэгія. І гэта даўно трэба было зрабіць. Трэба сесці і скончыць гэта, і будзе адна нацыянальная кампанія. Але толькі вазьміце на сябе функцыі тыя, якія вам патрэбны".

У структуры Палескага вытворчага ўчастка ААТ "Малочныя прадукты" маюцца казеінавы і сырны цэхі, а таксама цэхі па вытворчасці масла і тварожных вырабаў. З 2011 года тут рэалізуецца праект па вытворчасці сухой малочнай сыроваткі. Магутнасць вытворчасці складзе 500 т у суткі. Рэалізацыя праекта дазволіць стварыць 50 новых працоўных месцаў, а таксама атрымаць у 2015 годзе гадавую выручку ад рэалізацыі ў $280 тыс. на аднаго работніка. Праект мае і імпартазамяшчальны эфект: ён дасць магчымасць істотна скараціць імпарт кампанентаў заменнікаў малака.

На ўчастку рэалізуецца і другі інвестыцыйны праект - мадэрнізацыя сыраробнага цэха. У цяперашні час аплачана і пастаўлена імпартнае абсталяванне на суму Br50 млрд.

Аляксандру Лукашэнку далажылі, што ўжо ў бліжэйшыя гады будзе вырашана пытанне поўнай перапрацоўкі атрымліваемай у Беларусі малочнай сыроваткі.-0-