20 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць адказныя меры ў выпадку ўвядзення супраць Беларусі якіх-небудзь санкцый. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на нарадзе па некаторых унутрыпалітычных пытаннях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У выпадку, калі хто-небудзь паспрабуе ўвесці супраць краіны эканамічныя ці іншыя санкцыі, мы павінны неадкладна адрэагаваць, падрыхтаваць адказныя меры, аж да самых жорсткіх, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Ні пад каго прагінацца мы не маем намеру, і нахіляць нас нікому не дазволена. І датычыцца гэта павінна абсалютна ўсіх, хто паспрабуе ціснуць і блакаваць краіну, - ці то асобная група краін, ці нават Еўрасаюз у цэлым".
"Мы заўсёды гатовы да спакойнага дыялогу з усімі, хто жадае гаварыць з намі шчыра і на роўных. Але з Беларуссю нікому і ніколі не будзе дазволена гаварыць з пазіцыі сілы і на мове ультыматумаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Тым не менш нельга хаваць галаву ў пясок і сыходзіць ад абмеркавання праблем. "Сітуацыя патрабуе ад нас цвёрдых, узважаных і асцярожных рашэнняў", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння неабходна старанна абдумаць усе меры па абароне суверэнітэту краіны, эканамічных і геапалітычных інтарэсаў. "Ад Міністэрства замежных спраў я чакаю канкрэтных прапаноў па процідзеянні антыбеларускай кампаніі за мяжой. Нам неабходна выпрацаваць комплекс мер, якія не дазволяць зрабіць нашу краіну пешкай у чужой гульні і нанесці ўдар па нашай эканоміцы, бяспецы і суверэнітэце", - дадаў Прэзідэнт.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць адказныя меры ў выпадку ўвядзення супраць Беларусі якіх-небудзь санкцый
20.1.20110 праглядаў