15 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 кастрычніка, прымаючы з дакладам прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, даручыў ураду прыняць меры па замацаванні станоўчых тэндэнцый на валютным рынку. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. "Наколькі гэта магчыма, я адсочваю сітуацыю на валютным рынку. Мяне, вядома, задавальняе, што там ужо адбыўся пералом пасля гэтых палітычных вакханалій і дзеянняў нашай так званай апазіцыі, якая запалохвала насельніцтва праз СМІ і Інтэрнэт, спараджаючы нейкія дэвальвацыйныя чаканні, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Ужо можна сказаць тыдзень сітуацыя пераломлена, і тры апошнія дні Нацыянальны банк валюту скупляў. Гэта добры сігнал на ўмацаванне беларускага рубля, гэта трэба рабіць". "Наша нацыянальная валюта павінна быць не залішне трывалай і моцнай, каб экспарт не паваліць, але і штучна на ўгоду нейкім палітычным момантам нам не трэба яе аслабляць. Таму Нацыянальны банк праводзіць абсалютна правільную палітыку", - адзначыў Прэзідэнт. "Мы бачым, што ўжо і сярод прадпрымальнікаў адбыўся паварот. Яны таксама пачынаюць гандляваць фактычна па курсе Нацыянальнага банка і нават ніжэй", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Але я гэта кажу не да таго, каб супакоіць. Пытанне ў тым, што, калі намяціўся поспех на нейкім напрамку, кажучы ваеннай мовай, яго трэба развіваць. Трэба цяпер напружыцца па экспарце, паменшыць дэбіторскую запазычанасць, больш прадаваць і спыніць усе гэтыя размовы: "Ай-яй-яй! у свеце крызіс", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Пакуль яшчэ ніякага крызісу няма, і трэба займаць тыя рынкі, якія сёння вызваляюцца з-за розных прычын, і не здаваць свае". "Трэба проста працаваць, каб не адбылося так, як гэта было на "Камунарцы". А такіх прадпрыемстваў у нас дастаткова, дзе мы проста губляем грошы на ўгоду нейкім незразумелым інвестарам, якія жывуць не то ў Амерыцы, не то ў Расіі, не то яшчэ дзесьці", - заўважыў Прэзідэнт. "Я хачу, каб вы запрасілі міністраў, якія займаюцца матэрыяльнай вытворчасцю, і жорстка перад імі паставілі пытанне. Бо пойдуць усе, як Данчанка, кіраваць дрэннымі стратнымі прадпрыемствамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.