5 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў – БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду выпрацаваць ясную і дакладную сістэму падтрымкі шматдзетных сем'яў. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод беларускім жанчынам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Ураду даручана ў пачатку гэтага года ў сувязі з фінансавымі няўдачымі мінулага года выпрацаваць нармальную, ясную і зразумелую сістэму падтрымкі шматдзетных сем'яў, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэту дапамогу трэба зрабіць дакладнай, адраснай, і мы гэта зробім у бліжэйшы час. На першым месцы будзе жыллё, каб і на вёсцы, і ў горадзе шматдзетная сям'я мела дах над галавой". Прэзідэнт падкрэсліў, што дапамога шматдзетным сем'ям павінна быць прыярытэтам у дзейнасці дзяржавы. "Яна не павінна быць размазанай. Лічу, што шматдзетную сям'ю трэба падтрымаць у галоўным і ў той момант, калі трэба. Гэта момант нараджэння дзіцяці", - сказаў беларускі лідар. "Перш за ўсё нам трэба, каб у шматдзетнай сям'і быў дах над галавой - гэта галоўнае. У сям'і павінен быць дом. А калі яшчэ дом на зямлі, з дзесяццю-пятнаццаццю сотках, то яны забяспечаць сябе і выгадуюць нармальных дзяцей", - лічыць кіраўнік дзяржавы. Што тычыцца сферы аховы здароўя, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у цяперашні час выйшла на самыя высокія рубяжы ў свеце ў пытаннях родадапамогі і догляду за дзецьмі. "Калі толькі бацькі не празевяць, у нас не можа памерці дзіця. Мы выцягваем любога", - адзначыў Прэзідэнт. Аднак, на думку кіраўніка дзяржавы, аказваючы дзяржаўную падтрымку, неабходна вытрымліваць правільны баланс. "Дапамагаючы, заўсёды трэба шукаць залатую сярэдзіну, каб гэтая дапамога не адхіліла саміх бацькоў ад таго, каб працаваць на сваіх дзяцей. Раней жа ніхто нікому не дапамагаў, а ў сем'ях было не менш за 6-7 дзяцей. І тады ўсе бацькі дбалі пра сваіх дзяцей. Яны іх раслі і выхоўвалі працавітых людзей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У якасці прыярытэтнай задачы Аляксандр Лукашэнка назваў забеспячэнне дэмаграфічнай бяспекі дзяржавы. "Калі ў нас не будзе дастатковай колькасці насельніцтва, мы ніколі не ўтрымаем гэту зямлю ў цэнтры Еўропы, на якую замахваюцца ўсе. Таму што гэта лакамы кавалак нашай планеты. А ўтрымаць яе можна толькі дзякуючы людзям - насельніцтву. Таму дэмаграфічная бяспека вельмі важная", - падкрэсліў Прэзідэнт.