1 красавіка, Мінская вобласць /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Мінскую вобласць даручыў старанна праверыць гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый да веснавых палявых работ, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на ступень гатоўнасці тэхнікі і ўмовы захоўвання мінеральных угнаенняў. Як далажыў Прэзідэнту міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, у гэтым годзе сельгаспрадпрыемствы краіны ўпершыню будуць забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі на 100%. У цэлым захоўванне ўвезеных мінеральных угнаенняў арганізавана на належным узроўні, аднак кіраўнік дзяржавы запатрабаваў сканцэнтраваць увагу на негатыўных фактах. "Паглядзіце прынцыпова на ўсе гаспадаркі і дзейнічайце найбольш жорстка. Сёння кожны ходзіць, плачацца: спішыце крэдыты, - а пад адкрытым небам ляжаць дарагія ўгнаенні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні КДК Аляксандра Якабсона. Пры гэтым ён падкрэсліў, што брыгадным чынам па краіне ездзіць не трэба, а варта спытаць прынцыпова ў кожнай вобласці з двух-трох чалавек. Прэзідэнт таксама запатрабаваў далажыць яму аб выкананні ранейшых даручэнняў па гатоўнасці сельгастэхнікі. Па словах Аляксандра Якабсона, гатоўнасць тэхнікі складае ад 92% да 96%. "Гэта тэхніка, гэта жыццё людзей і гэта дарагая рэч, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вазьміце на кантроль выбарачна і паглядзіце ў асобных раёнах, асабліва ў тых, якія нас больш за ўсё турбуюць, не чапаючы там, дзе нармальна працуюць". Рэагуючы на заўвагі Аляксандра Якабсона аб тым, што ў цэлым па рэспубліцы ўкамплектаванасць сельгасарганізацый механізатарамі складае каля 88%, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэтым пытаннем павінны займацца губернатары, але тэхніка павінна быць падрыхтавана і быць у ідэальным стане. Больш таго, ён адзначыў, што ўзмоцнены кантроль дзяржавы ў гэтым пытанні апраўданы, бо менавіта яна выдзяляла сродкі на закупку тэхнікі. "Купіць ён (кіраўнік сельгаспрадпрыемства. - Заўвага. БЕЛТА) за асабістыя грошы, ну, Бог з табой. Калі за асабістыя грошы, ён будзе яе захоўваць, як асабісты аўтамабіль", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што ў астатнім у гэтым пытанні неабходны жорсткі кантроль, каб не было неабходнасці марнаваць велізарныя сродкі на закупку новай тэхнікі.