10 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Удасканаленне працэсу правядзення ўступных выпрабаванняў і прыёму ў ВНУ і ССНУ Беларусі абмяркоўвалася 9 верасня на рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, старшынёй дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2013 годзе Анатолем Рубінавым. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

"Я ў агульных рысах знаёмы з вынікамі і лічбамі. Мяне больш за ўсё хвалюе праблема ўдасканалення гэтага працэсу. Калі ёсць нейкія праблемныя пытанні, іх трэба падымаць і вырашаць", - сказаў Прэзідэнт.

"Вядома, у нас няма таго, што адбываецца ў суседніх краінах, - скандалы, карупцыя вакол гэтага. Гэта ў нас наогул немагчыма. Але, можа быць, аб'ектыўна дзесьці трэба ўдасканальваць гэты працэс, звяртаць больш увагі на нейкія індывідуальныя рэчы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Анатоль Рубінаў далажыў кіраўніку дзяржавы аб выніках уступнай кампаніі. Паводле яго слоў, у цэлым сістэма залічэння ў ВНУ і ССНУ наладжана і дапрацавана да высокага ўзроўню. "Сёння няма вялікіх праблем у гэтай справе. Карупцыя тут фактычна цалкам выключана, паколькі сам механізм уступных выпрабаванняў, залічэння выключае магчымасць умяшання службовых асоб і каго б то ні было", - канстатаваў ён.

Разам з тым на сустрэчы было адзначана і наяўнасць некаторых праблем. Так, не заўсёды ўдаецца ўкамплектаваць асобныя вельмі важныя для краіны спецыяльнасці ў сферы ваеннай, аграрнай, педагагічнай адукацыі. Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу на неабходнасць больш старанна прадумаць сістэму мэтавага набору.

Адначасова ў Беларусі склалася не зусім аптымальнае суадносіны ў падрыхтоўцы кадраў рознай кваліфікацыі, намяціўся відавочны перабор спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Калі не рэгуляваць сітуацыю, то падобныя дыспрапорцыі могуць у выніку пайсці на шкоду эканоміцы краіны. "Але гэта ў той жа час не павінна якімсьці чынам уплываць на свабоду выбару чалавека. Калі ён здольны, імкнецца, у стане пераадолець парог, значыць, хай ідзе і атрымлівае адукацыю", - лічыць Анатоль Рубінаў.