А. Лукашэнка наведаў Сусветную выставу "ЭКСПА-2010" у Шанхаі
11.10.20100 праглядаў
11 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочага візіту ў Кітай 10 кастрычніка наведаў Сусветную выставу "ЭКСПА-2010" у Шанхаі. Кіраўнік дзяржавы пабываў у нацыянальных павільёнах Беларусі і Кітая, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
Наведваючы Нацыянальную экспазіцыю Кітая, Прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі сімвалічнага адкрыцця Беларуска-кітайскага тэхнапарка ў горадзе Чанчунь.
З ініцыятывай стварэння тэхнапарка выступіў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Беларусі ў лістападзе 2009 года для пашырэння праграм навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з КНР. Гэты праект рэалізуецца ў зоне высокатэхналагічнай вытворчасці горада Чанчунь. Каля 15 прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яе склад, маюць даўнія ўстойлівыя сувязі з беларускімі навуковымі і інавацыйнымі арганізацыямі, рэгулярна прымалі ўдзел у праграмах навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Так, сярод сумеснымных праектаў - стварэнне прадпрыемства па вытворчасці медыцынскай лазернай тэхнікі, пагадненне аб стварэнні СВП па вытворчасці высокадакладнага электрарухавіка. На першым этапе пад праект выдзелена каля 30 га зямлі для будаўніцтва офісных і вытворчых памяшканняў, у далейшым магчыма выдзяленне яшчэ 30 га.
Як адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Ігар Войтаў, стварэнне тэхнапарка азначае сур'ёзны прарыў у навукова-тэхнічным супрацоўніцтве дзвюх краін. Ён стане платформай для працы над сумеснымі праектамі і далейшым прасоўваннем прадукцыі не толькі на рынак Кітая, але і суседніх краін. Праца тэхнапарка будзе весціся ў сферы распрацоўкі электронных, лазерных тэхналогій, аграпрамысловых, біятэхналогій і іншых. Падобны тэхнапарк плануецца адкрыць і ў Беларусі для стварэння высокатэхналагічных, энергетычна- і навукаёмістых тэхналогій. Гэта вельмі перспектыўны напрамак працы дзвюх краін.
Аляксандр Лукашэнка агледзеў экспазіцыі Нацыянальнага павільёна Кітая. Прэзідэнт падняўся на 12-ы паверх павільёна, дзе быў прадстаўлены прэзентацыйны фільм пра Кітай. У зале "Зямля надзеі" Аляксандр Лукашэнка паглядзеў дэманстрацыйны ролік "Пад адным дахам". Затым ён пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. У якасці сувеніра яму быў уручаны макет Нацыянальнага павільёна Кітая.
Нацыянальны павільён Кітая "Карона Усходу" размешчаны ў цэнтры ЭКСПО-парка. Яго вышыня складае 63 м, агульная плошча комплексу - 70 тыс. кв.м. Канцэпцыя дызайну "Кароны Усходу" адлюстроўвае дух кітайскай культуры. Галоўны павільён спалучае ў сабе традыцыйныя кітайскія элементы.
Кіраўнік дзяржавы наведаў і Нацыянальны павільён Беларусі, дзе азнаёміўся з яго экспазіцыяй, агледзеў асартымент беларускай прадукцыі, якая прадаецца ў сувенірнай краме. Як заўважылі прадаўцы, вялікай папулярнасцю ў кітайцаў карыстаецца беларускі лён.
Побач з Нацыянальным павільёнам Беларусі размешчаны павільёны Босніі і Герцагавіны, насупраць - павільёны Чэхіі, Славакіі і Партугаліі, а паблізу знаходзіцца канцэртная пляцоўка для выступленняў творчых калектываў і пешаходная алея. Слоган беларускай экспазіцыі на выставе - "Горад - скарб", што сімвалізуе скарбніцу нацыянальных культурных каштоўнасцей, дасягненняў навукі, творчасці і вытворчасці. На фасадзе будынка беларускага павільёна адлюстравана тэматыка гарадскога жыцця чатырох часоў года. Асноўным кампазіцыйным элементам унутранай прасторы з'яўляюцца два відэасюжэты - "чыстае паветра" і "чыстая вада", якія з'яўляюцца галоўнымі скарбамі нашых гарадоў. На 12 экранах дэманструюцца фільмы пра шэсць абласных цэнтраў і шэсць малых гарадоў, якія прадстаўляюць унікальную культурную каштоўнасць. Павільён знаёміць з духоўнымі і прыроднымі багаццямі Беларусі. Тут таксама ёсць экспазіцыя палотнаў вядомых беларускіх мастакоў і работ майстроў-пачаткоўцаў. На чатырох вялікіх маніторах дэманструецца фільм пра Беларусь, яе выдатных прадстаўнікоў, гістарычныя аб'екты, памятныя падзеі. У сувенірнай краме можна набыць вырабы народных промыслаў, друкаваныя матэрыялы і DVD-дыскі пра Беларусь, маркі, памятныя манеты, гадзіннікі, вырабы з лёну і фарфору. Штомесяц у павільёне праходзяць выступленні народных творчых калектываў з усіх абласцей і Мінска. За час працы Нацыянальнага павільёна Беларусі яго наведалі каля 5 млн. чалавек.Сусветная выстава "ЭКСПО-2010" праводзіцца ў Шанхаі з 1 мая па 31 кастрычніка 2010 года. Ва ўдзеле ў ёй прымаюць 192 дзяржавы і 54 міжнародныя арганізацыі. Тэматыка выставы - "Лепшы горад - лепшае жыццё" - дэманструе намаганні кожнай дзяржавы па стварэнні найбольш камфортнага асяроддзя пражывання насельніцтва гарадоў. "ЭКСПО-2010" задумана арганізатарамі як найбуйнейшая ў гісторыі сусветных выстаў па займанай тэрыторыі, колькасці наведвальнікаў і ліку ўдзельнікаў. Правядзенне выставы таксама павінна пацвердзіць статус горада як найбуйнейшага дзелавога цэнтра Азіі. Чакаецца, што за ўвесь перыяд працы выставу наведаюць больш за 70 млн. чалавек.
Пасля наведвання Сусветнай выставы "ЭКСПО-2010" Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з Шанхая ў Пекін. Чакаецца, што 11 кастрычніка кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэнецца са Старшынёй КНР Ху Цзіньтаа. Прэзідэнт таксама прыме ўдзел у цырымоніі адкрыцця зборачнай вытворчасці і сэрвіснага цэнтра сумеснай вытворчасці "ТАА "АВІК-БелАЗ Кар'ерныя машыны". Акрамя таго, адбудзецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў членамі афіцыйнай дэлегацыі.
У выніку візіту Прэзідэнта Беларусі ў Кітай у 2005 годзе рэзка актывізаваўся гандаль паміж дзвюма краінамі, а пасля візіту 2008 года - крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Сёння бакі пераходзяць да новага этапу супрацоўніцтва - навукова-тэхналагічнага, што з'яўляецца вельмі перспектыўнай формай узаемадзеяння. -0-
БЕЛТА