11 мая, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння зробіць рабочую паездку ў Віцебскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведае населены пункт Хімы Аршанскага раёна, а таксама ААТ "Аршанскі авіярамонтны завод". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Колькасць насельніцтва Хімы складае ўсяго 10 чалавек, усе - пенсіянеры. У 2011-2025 гадах плануецца адраджэнне гэтага населенага пункта як аграпрамысловага комплексу з сельскагаспадарчай вытворчасцю. Тут будуць пабудаваны бройлерная птушкафабрыка, цэх па разліве мінеральнай і пітной вады, кандытарская фабрыка. Прадугледжваецца стварэнне вытворчай і сацыяльнай сферы, інжынернай інфраструктуры пасёлка.
Прэзідэнт азнаёміцца таксама са станам і перспектывамі развіцця Аршанскага авіярамонтнага завода. На базе прадпрыемства плануецца стварыць міжнародны мультымадальны лагістычны цэнтр "Орша" з удзелам гонконгскай кампаніі СВТ Development (Logistik) Limited. Рэалізацыя праекта дазволіць эфектыўна выкарыстоўваць інфраструктуру паветранага транспарту і тэрытарыяльную блізкасць да міжнародных транспартных калідораў. Адлегласць ад завода да мяжы Расійскай Федэрацыі складае каля 50 км. Блізкае размяшчэнне прадпрыемства да буйнога чыгуначнага вузла Оршы і міжнародных аўтамабільных трас Масква-Брэст і Санкт-Пецярбург-Адэса дазваляе дастаўляць авіяцыйную тэхніку, якая мае патрэбу ў рамонце не толькі паветраным шляхам, але таксама чыгуначным і аўтамабільным транспартам. Мяркуецца, што рэалізацыя праекта дазволіць часткова разгрузіць маскоўскі аэрапорт Дамадзедава.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка наведае Аршанскі авіярамонтны завод
11.5.20110 праглядаў