14 снежня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць наведае ААТ "Віцебскдрэў". Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Аляксандру Лукашэнку даложаць аб рэалізацыі на прадпрыемстве інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці драўняна-валакністых пліт МДФ/ХДФ і прычынах невыканання тэрмінаў яго ажыццяўлення. Рэалізацыя праекта пачата па дзяржпраграме інавацыйнага развіцця Беларусі на 2007-2010 гады. Аднак тэрміны пераносіліся чатыры разы, і ўвод у эксплуатацыю ў цяперашні час запланаваны на чэрвень 2013 года.
Праект прадугледжвае выпуск драўняна-валакністых пліт сярэдняй і высокай шчыльнасці ў аб'ёме 140 тыс.куб.м у год, а таксама ламінаваных падлогавых пакрыццяў у аб'ёме 2,5 млн.кв.м.
У ходзе наведвання будзе таксама абмяркоўвацца вытворча-гаспадарчая дзейнасць і перспектывы развіцця прадпрыемства. Ад рэалізацыі прадукцыі ў студзені-кастрычніку 2012 года атрымана чысты прыбытак у суме Br6,4 млрд. Рэнтабельнасць продажаў склала 5,9%. Экспартныя пастаўкі прадукцыі ажыццяўляліся ў 24 дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміцца з ходам будаўніцтва новага цэха і наведае вытворчую тэрыторыю старога прадпрыемства ААТ "Віцебскдрэў", азнаёміцца з выставай прадукцыі, якая вырабляецца і плануецца да вытворчасці на прадпрыемстве.
Гісторыя прадпрыемства пачынаецца з будаўніцтва ў 1926 годзе і ўводу ў эксплуатацыю ў 1927 годзе фанернага завода. У склад ААТ "Віцебскдрэў" уваходзяць Бешанковіцкі і Гарадоцкі лясгасы, сельскагаспадарчы філіял "Бегамльскі" і 9 вытворчых цэхаў. Вытворчая дзейнасць прадпрыемства базуецца на лесанарыхтоўках, лесапільнай справе, дрэваапрацоўцы, вытворчасці драўняна-стружкавых і драўняна-валакністых пліт, сталярна-будаўнічых вырабаў, сінтэтычных карбамідна-фармальдэгідных смалаў. На экспарт пастаўляецца больш за 40% прадукцыі, якая вырабляецца.
Падчас рабочай паездкі Прэзідэнту таксама будзе даложана аб сацыяльна-эканамічным развіцці Віцебскай вобласці і горада Віцебска. -0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка наведае сёння ААТ "Віцебскдрэў"
14.12.20120 праглядаў