3 жніўня, Горкі /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу нарошчвання тэмпаў уборачнай кампаніі збожжавых культур. На гэта ён звярнуў увагу сёння падчас наведвання саўгаса-камбіната "Горкі" ў Магілёўскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах кіраўніка дзяржавы, у гаспадарках пачынаецца адставанне ўборачнай, зніжаюцца тэмпы. Для таго каб выправіць сітуацыю і ўбраць збожжа ў тэрмін, неабходна штодня дадаваць да ўборачнай па 2-2,5%. "У гэтыя дні трэба нарошчваць тэмпы, інакш будзем губляць ураджай. Хлеб ужо паўсюль саспеў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, падкрэсліўшы, што паскораная праца павінна весціся не на шкоду якасці. Як далажыў кіраўніку дзяржавы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Русы, на сённяшні дзень у краіне ўбрана 45% усіх плошчаў, намалочана 3,710 млн.т збожжа. Як чакаецца, да вечара намалот перавысіць 4 млн.т. На думку міністра, у сельгаспрадпрыемствах цалкам рэальна атрымаць звыш 8 млн.т збожжа. Штодня ідзе прырост ураджайнасці. На сённяшні дзень яна складае 34 ц/га, што вышэй за паказчыкі мінулага года і папярэдняга дня. У цэлым па ўсіх абласцях краіны ўраджайнасць вышэйшая за леташнюю. Назіраецца толькі адставанне па намалоце. Міхаіл Русы запэўніў, што пастаўленая задача завяршыць уборку збожжавых да 22 жніўня будзе выканана. Па словах міністра, сур'ёзная ўвага надаецца якасці ўборачнай, жорстка адсочваюцца ўсе парушэнні. Прыняты рашэнні аб тым, што тыя экіпажы камбайнёраў, якія будуць заўважаны ў нездавальняючай уборцы, будуць здымацца са спаборніцтва. Усе гаспадаркі забяспечаны палівам, неабходнай тэхнікай, кругласутачна ідзе прыём збожжа на элеватарах. Што тычыцца выканання дзяржзаказу па харчовым збожжы, то на сённяшні дзень паступіла 45% ад плана. Міністр падкрэсліў, што асабліва высокай якасці пшаніца. У планах таксама атрымаць 1 млн.т кукурузы, 4,2 млн.т цукровых буракоў. Акрамя таго, плануецца пасеяць не менш за 1,5 млн.га азімых культур, увесці ў сельгасабарот 150-200 тыс.га неэфектыўна выкарыстоўваемых земляў. Што тычыцца рапсу, то, на думку Прэзідэнта, назіраецца занадта нізкая ўраджайнасць. "Гэта апошні год такой бязладзіцы. Калі мы не можам вырошчваць рапс, то лепш яго не сеяць. Што такое 16 ц/га? Павінна быць мінімум 25 ц/га. Гэта капрызная культура, таму трэба вызначыць палі і дзе можна - сеяць, дзе нельга - не трэба настойваць. Таму што 16 ц/га - гэта не ўраджайнасць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. -0-