23 верасня, Нясвіжскі раён /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу пашырыць магутнасці цукровых заводаў. Такі наказ ён даў сёння, наведваючы ААТ "Гарадзейскі цукровы камбінат", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Па цукры ў нас адпрацавана сістэма, структура, ёсць куды пашырацца. Таму першае, што неабходна рабіць, гэта павялічваць аб'ёмы вытворчасці на існуючых прадпрыемствах", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У цяперашні час у краіне функцыянуюць чатыры цукровыя заводы: у Скідзелі, Жабінцы, Слуцку і Гарадзеі. Цукровая галіна рэспублікі тэхнічна перааснашчана і забяспечвае ўстойлівую вытворчасць. Сутачная перапрацоўка складае 26,8 тыс. т буракоў. Пачынаючы з 2004 года, Беларусь выйшла на забеспячэнне цукрам за кошт уласных сыравінных рэсурсаў. Сярод краін СНД яна займае па вытворчасці цукру з цукровых буракоў трэцяе месца пасля Расіі і Украіны. Значна пашырыўся асартымент цукровай прадукцыі. У 2009 годзе экспарт склаў амаль 440 тыс. т цукру. Да 2015 года плануецца павялічыць выпуск цукру з бурачнай сыравіны да 650 тыс. т у год. Для павышэння эканамічнай эфектыўнасці галіны неабходна вырашыць шэраг пытанняў, у прыватнасці, павысіць тэхналагічную якасць цукровых буракоў, іх цукрыстасць да 18% і больш, скараціць тэрміны захоўвання і перапрацоўкі цукровых буракоў, забяспечыць збалансаванасць узроўняў нарыхтоўкі бурачнай сыравіны і вытворчых магутнасцей па яе перапрацоўцы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са станам і перспектывамі развіцця ў цэлым цукровай прамысловасці ў рэспубліцы, а таксама з вытворча-эканамічным станам Гарадзейскага цукровага камбіната і перспектывамі яго развіцця, пабываў у вытворчых цэхах і паглядзеў на ўвесь цыкл вытворчасці гэтай прадукцыі. Асноўным відам прадукцыі, якая выпускаецца Гарадзейскім камбінатам, з'яўляецца цукар-пясок. Гэта экалагічна чысты прадукт, яго вытворчасць ажыццяўляецца без якіх-небудзь хімічных дабавак і прымесей. У 2009 годзе на камбінаце запушчана лінія па вытворчасці прэсаванага цукру, наладжана вытворчасць стыкаў. У лютым 2010 года зманціравана другая лінія прэсаванага цукру вытворчай магутнасцю да 14 т у суткі, якая дазваляе атрымліваць цукар з рознымі смакавымі дабаўкамі.