18 студзеня, Мінск /Людміла Сац - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада не павышаць кошт жыллёва-камунальных паслуг у Беларусі больш чым на $5 у год. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы сказаў сёння на нарадзе па пытаннях развіцця беларускай эканомікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Звяртаючыся да прысутных на пасяджэнні членаў урада, Прэзідэнт сказаў: "Калі вы бачыце, што дзесьці нам трэба рушыць, аж да непапулярных камунальных паслуг, то адпаведныя рашэнні могуць быць прыняты, але ў вас ёсць $5". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што наша насельніцтва плаціць за паслугі ЖКГ значна менш, чым у краінах ЕС. "Так гэта дабро для нас. Калі дзесьці стратна працуе нейкае прадпрыемства, калі ласка, разглядайце, але рабіце гэта акуратна, не крыўдзіце людзей", - сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён запатрабаваў: "Не прыходзьце да мяне ні з якімі цэнавымі прапановамі, пакуль я не буду бачыць, колькі каштуе адзін кубаметр вады, адзін кубаметр газу, адзін кВт.г электраэнергіі, кошт вывазу 1 т смецця і г.д.". "Калі я буду бачыць рэальны кошт, дзе тлушч будзе зняты з камунгасаў, з электразабеспячальных арганізацый, газазабеспячальных арганізацый, тады я скажу сваё рашэнне", - дадаў Прэзідэнт. Па яго словах, сёння энергетыкі і газавікі не самыя бедныя людзі, а іх шыкоўнае жыццё - адзін з раздзелаў сабекошту, які прапануецца плаціць насельніцтву і прадпрыемствам. "Так давайце паглядзім, можа дзесьці трэба падцягнуцца", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што ён з'яўляецца прыхільнікам жорсткай эканомікі, таму што эканоміка дзейнічае па аб'ектыўных законах. "Мы на нейкі перыяд можам пераціснуць гайку, але потым яе давядзецца адпускаць, нікуды не дзенешся. Эканоміка павінна быць заснавана на нармальнай сумленнай аб'ектыўнай інфармацыі. І з гэтага трэба зыходзіць. І ціснуць на людзей нельга", - заявіў Аляксандр Лукашэнка і адзначыў, што насельніцтву ў гэтай сітуацыі трэба падставіць плячо. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што прызначаны нядаўна на пасаду прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Мясніковіч паспяхова вырашыць гэтыя задачы. "Цяперашні прэм'ер-міністр калісьці ў маладосці займаўся гэтымі пытаннямі, і ён ведае структуру сабекошту вады, газу. Ды і віцэ-прэм'ер (Анатоль Калінін. - Заўвага. БЕЛТА) добра ведае, адкуль бярэцца вада і колькі гэта каштуе", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.-0-

БЕЛТА