24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння з дакладам генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Рыгора Васілевіча. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Прэзідэнту даложана аб мерах, што прымаюцца, накіраваных на папярэджанне і выкараненне правапарушэнняў. За 7 месяцаў 2010 года колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў у краіне скарацілася на 11%, з іх забойстваў - на 20%, цяжкіх цялесных пашкоджанняў - на 12%, рабаванняў - на 14%. Таксама амаль на 13% скарацілася злачыннасць сярод непаўналетніх.
Разам з тым захоўваецца і шэраг праблем. Так, не скарачаецца рэцыдыўная злачыннасць, што сведчыць аб недахопах у рабоце як органаў пракуратуры, абавязаных каардынаваць работу па папярэджанні злачынстваў, так і непасрэдна органаў унутраных спраў, а таксама мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Захавалася на ўзроўні мінулага года і колькасць разбояў.
У бягучым годзе пракуратура ўзмацніла нагляд за работай суб'ектаў, надзеленых кантрольнымі паўнамоцтвамі: у іх адрас унесена 742 акты пракурорскага нагляду, 378 службовых асоб прыцягнута да адказнасці.
Кіраўніку дзяржавы таксама было даложана аб ходзе работы над Канцэпцыяй удасканалення мер крымінальнай адказнасці і сістэмы выканання крымінальных пакаранняў. Прэзідэнт запатрабаваў паскорыць работу над гэтым важным дакументам, зыходзячы з таго, што ў сучасных умовах неабходна яшчэ больш узважана падыходзіць да прызначэння пакаранняў, звязаных з пазбаўленнем волі, і больш шырока прымяняць штрафы.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць пракурорскі нагляд за выкананнем заканадаўства ўсімі праваахоўнымі і кантрольнымі органамі, значна больш увагі надаваць таму, як забяспечваюцца правы і свабоды грамадзян.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка запатрабаваў узмацніць пракурорскі нагляд за выкананнем заканадаўства праваахоўнымі і кантрольнымі органамі
24.8.20100 праглядаў