А. Лукашэнка запатрабаваў цягам лютага выпрацаваць дакладныя падыходы да рэгулявання пасрэдніцкай дзейнасці
12.1.20120 праглядаў
12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў на працягу лютага гэтага года выпрацаваць дакладныя падыходы да рэгулявання пасрэдніцкай дзейнасці пры ажыццяўленні закупак за кошт уласных сродкаў кіраваных дзяржавай прадпрыемстваў і арганізацый. Такі даручэнне ён паставіў 12 студзеня на нарадзе па разглядзе гэтага пытання, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнта.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэтая праблема набалелая і патрабуе сістэмнасці і паслядоўнасці. "Дзяржава і эканоміка нясуць страты з-за таго, што ўтварыўся цэлы паразітычны пласт, які жыруе на спекуляцыях", – сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, выяўляюцца выпадкі, калі і беларускі тавар закупляюць праз пасрэднікаў. "Навошта? Няўжо наўпрост у Беларусі немагчыма купіць прадпрыемству ў іншага прадпрыемства тавар без пасрэднікаў? Можна", – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Гэтая праблема стала крымінальнай. Перш за ўсё таму, што пасрэднікі – гэта ў асноўным сваякі, дзеці, набліжаныя, сябры асобных кіраўнікоў, якія закупляюць падобны тавар, будзь то беларускі ці імпартны", – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што "такіх выпадкаў у нас процьма".
"Кажуць, што гэта натуральна для рынкавай эканомікі. Можа, і натуральна, але я не хачу, каб мы палову адпаведных людзей пасадзілі ў турму", – сказаў Прэзідэнт. Ён дадаў, што менавіта таму папрасіў выпрацаваць адпаведныя падыходы да рэгулявання пасрэдніцкай дзейнасці пры правядзенні закупак за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што неаднаразова даручаў Камітэту дзяржаўнага кантролю сумесна з праваахоўнымі органамі спыняць падобнае пасрэдніцтва пры рэалізацыі тавараў, якія вырабляюцца ўнутры краіны, а таксама абмежаваць закупкі праз пасрэднікаў.
Камітэт дзяржкантролю ўнёс на разгляд кіраўніка дзяржавы праект указа, якім устанаўліваецца забарона на выкарыстанне так званых пасрэдніцкіх схем пры закупках тавараў (работ, паслуг) за кошт уласных сродкаў дзяржаўных арганізацый, а таксама акцыянерных таварыстваў з доляй дзяржавы (або камунальнай уласнасці) больш за 50%. Такія закупкі павінны ажыццяўляцца толькі ў вытворцаў тавараў альбо ў іх афіцыйных прадстаўнікоў. Прапануецца ўзмацніць адказнасць за невыкананне ўстаноўленага парадку. "Меры, вядома, жорсткія. Аднак пры азнаямленні з гэтым праектам узнікае шэраг пытанняў. Прыняцце гэтага дакумента не павінна паралізаваць эканоміку, але ён павінен быць дастатковым і ўсёабдымным", – падкрэсліў у сувязі з гэтым Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што ўказ складаецца з адсылачных норм. "Мы ж дамовіліся, што ўказ павінен быць адназначным, каб па ім можна было працаваць. Чаму гэта не зроблена?" – задаў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Як далажыў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон, мэта распрацаванага дакумента – максімальна выключыць удзел пасрэдніцкіх структур у працэдурах закупак, якія ажыццяўляюцца за кошт уласных сродкаў юрыдычных асоб. Пры гэтым разглядаліся розныя варыянты таго, на якія суб'екты гаспадарання ўказ павінен распаўсюджвацца.
"Для буйных прадпрыемстваў рэспублікі ўстанаўленне прапанаванага ў праекце ўказа парадку ажыццяўлення закупак не будзе шокам, паколькі такая практыка ў многіх выпадках ужо ёсць, дзейнічаюць лакальныя акты, якія вызначаюць патрабаванні да ажыццяўлення закупак за кошт уласных сродкаў", – адзначыў кіраўнік КГК.
Аляксандр Якабсон таксама заўважыў, што ў шэрагу выпадкаў, калі гаворка ідзе пра невялікія партыі тавараў беларускай вытворчасці, іх закупка непасрэдна ў вытворцы можа быць нерэнтабельнай. "У кожнай сітуацыі ёсць свае плюсы і мінусы. Усё ж такі ў некаторых выпадках афіцыйныя дылеры павінны мець месца", – лічыць ён.
"Тут трэба знайсці залатую сярэдзіну", – рэзюмаваў Прэзідэнт.
На яго думку, таксама няма сэнсу спрабаваць рэгуляваць у гэтым пытанні працу прыватных прадпрыемстваў. "Няхай прыватнік купляе ў каго заўгодна. Гэта яго грошы. Чаго нам у прыватнае прадпрыемства лезці? Прыватнік ніколі свае грошы проста так не аддасць", – лічыць Аляксандр Лукашэнка.У ходзе дыскусіі прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч завастрыў увагу ўдзельнікаў нарады на іншым баку гэтай праблемы – неабходнасці ўдасканалення закупак тавараў па імпарце. "На наш погляд, і нашы погляды тут супадаюць з КДК, усё ж такі чыстыя імпарцёры ў большай ступені паразітуюць у якасці пасрэднікаў, закупляючы імпарт і ўвозячы яго ў краіну", – сказаў ён.
Так, у адпаведнасці з данымі статыстыкі за студзень-кастрычнік 2011 года па асноўных міністэрствах і канцэрнах імпартавана тавараў на $18,4 млрд. і дадаткова на ўнутраным рынку, ужо ў рэзідэнтаў Беларусі, закуплена імпартных тавараў яшчэ на $6,1 млрд. Такім чынам, існуюць значныя рэзервы для аптымізацыі закупак.
Міхаіл Мясніковіч унёс шэраг прапаноў па ўдасканаленні працы ў сферы рэгулявання пасрэдніцкай дзейнасці. Па-першае, узяць за аснову існуючы механізм дзяржзакупак і дапрацаваць яго, распаўсюдзіўшы і на закупкі за кошт уласных сродкаў прадпрыемстваў. "Гэты парадак добра знаёмы гаспадарчым суб'ектам, і ёсць вопыт", – адзначыў прэм'ер-міністр.
Персанальная адказнасць за эфектыўнасць закупак, на яго думку, павінна быць ускладзена на міністраў, а па прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасці – на губернатараў.
Неабходна таксама ў абавязковым парадку ўлічыць спецыфіку галін і забяспечыць галоснасць і празрыстасць закупак на аснове канкурэнтных працэдур.
Асобна прэм'ер-міністр прапанаваў урэгуляваць пытанні ў сферы біржавых таргоў і закупак на электронных аўкцыёнах, а таксама сферу дзейнасці гандлёва-лагістычных цэнтраў (у бліжэйшы час у краіне іх будзе 28).
"Я не буду ўмешвацца ў гэтае пытанне. Урад прыме сваё рашэнне з улікам таго, што напрацавана. Але і адпаведная адказнасць будзе жалезная ўрада і міністраў, калі мы будзем у гэтым працэсе бачыць парушэнні, – даручыў Аляксандр Лукашэнка. – Прыміце рашэнне. Яно павінна ўдасканаліць або падняць на больш высокі ўзровень тую практыку, якая сёння існуе".
Па пытанні заканадаўчай працэдуры ўстанаўлення адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні пры правядзенні арганізацыямі закупак за кошт уласных сродкаў кіраўнік дзяржавы сказаў: "Гэтае пытанне ў плане адказнасці мы вырашым. Ніякая гэта не працяглая працэдура. Галоўнае тут не столькі карная мера, колькі аптымальна ўстанавіць правілы паводзінаў".Звяртаючыся да Аляксандра Якабсона, Прэзідэнт адзначыў: "Трэба вам з праваахоўнымі органамі ўзмацніць нагляд за гэтай сітуацыяй. Мяне больш за ўсё хвалюе спекулятыўны складнік. Спекулянтамі тут і правапарушальнікамі вельмі часта выступаюць сваякі, дзеці, сябры адпаведных кіраўнікоў. Гэта трэба рашуча спыніць".
"Давайце дамовімся, што на працягу лютага мы выйдзем на рашэнне гэтага пытання", – падвёў вынік Аляксандр Лукашэнка.-0-
БЕЛТА