8 кастрычніка, Мінская вобласць /Кар. БЕЛТА/. Мясцовым уладам у Беларусі неабходна надаць максімальную ўвагу якаснай закладцы ўраджаю агародніны і садавіны на захоўванне. Пра гэта 7 кастрычніка падчас рабочай паездкі ў Мінскую вобласць заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Кіраўніку дзяржавы далажылі аб ходзе восеньскіх палявых работ у Беларусі і рэгіёне, выкананні яго даручэнняў па арганізацыі вытворчасці і захоўвання, а таксама аб ходзе нарыхтоўкі бульбы і іншай агародніны. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў завяршыць уборку асноўных сельгас культур да канца наступнага тыдня. Гаворачы аб уборцы бульбы, ён сказаў: "Трэба на наступным тыдні завяршыць уборку бульбы. Будзе недаравальна, калі мы пры такіх цэнах і попыце на рынку пакінем на полі бульбу". Што тычыцца ўборкі кукурузы на зерне, то яе, па словах кіраўніка дзяржавы, неабходна завяршыць на працягу тыдня. "Давайце дамовімся, гэты тыдзень і наступны - і мы з уборкай скончылі", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да чыноўнікаў. Пры гэтым ён адзначыў, што яшчэ трэба шмат працы па ўздыманні зябi. Па стане на 6 кастрычніка ў сельгасарганізацыях сяўба азімых збожжавых завершана ва ўсіх абласцях рэспублікі. Пасеяна 1551 тыс.га, што складае 107% плана і на 114 тыс.га больш у параўнанні з 2009 годам. Бульба ўбрана на плошчы 41,6 тыс.га (85% плошчы, якая падлягае ўборцы). З убранай плошчы атрымана 782,1 тыс.т бульбы пры сярэдняй ураджайнасці амаль 188 ц/га. Цукровыя буракі ўбраны на плошчы 40,6 тыс.га (42% плошчы). Накапана 1590,8 тыс.т цукровых карняплодаў пры ўраджайнасці 392 ц/га. Прэзідэнт пацікавіўся станам цэн на бульбу. Як далажыў віцэ-прэм'ер Іван Бамбіза, у цяперашні час гэтая культура экспартуецца па цане Br1300 за кілаграм. Пры гэтым ён паведаміў, што ёсць просьба з боку сельгасарганізацый аб зніжэнні цаны на бульбу. Аднак кіраўнік дзяржавы засумняваўся ў мэтазгоднасці гэтага, улічваючы высокі попыт на бульбу на рынку. "Тое, што не бяруць па гэтай цане, трэба пакласці ў сховішчы і прадаць вясной, зімой, калі заўгодна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.