20 ліпеня, Нясвіж /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 20 ліпеня палацава-паркавы ансамбль XVI-XIX стагоддзяў у Нясвіжы, пазітыўна ацаніў праведзеную работу па яго аднаўленні, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Рэстаўрацыя палацава-паркавага ансамбля вялася з 1997 па 2012 год, Нясвіжскага замка - з 2004 года. За гэты час Прэзідэнтам было дадзена 19 даручэнняў, якія тычацца рэстаўрацыі і рэканструкцыі комплексу. Аляксандр Лукашэнка наведваў палацава-паркавы ансамбль у маі 2008 года. Тады ён звярнуў увагу на нізкія тэмпы работ па аднаўленні замка, пасля чаго была праведзена замена генпадраднай будаўнічай арганізацыі. Да цяперашняга часу ўсе работы па аднаўленні і рэстаўрацыі комплексу выкананы. Адноўлены і адрэстаўраваны замак, камяніца, арсенал, паўднёвая і ўсходняя галерэі, прыбудова да замка, уваходны мост, падземныя хады абарончых збудаванняў, роў, ляднік, падземныя збудаванні пад усходнім валам, добраўпарадкавана тэрыторыя знешніх фартыфікацыйных збудаванняў. Цалкам адноўлены інтэр'еры княжацкіх пакояў, замкавыя капліцы, Залаты, Белы бальны, Паляўнічы, Малы сталовы, Гетманскі залы, іншыя памяшканні. Аляксандр Лукашэнка агледзеў гэтыя залы, азнаёміўся з экспазіцыяй адрэстаўраванага Нясвіжскага замка і ў цэлым застаўся задаволены ўбачаным. Аднаўлення чакаюць Замкавы, Японскі, Марысін і Англійскі паркі. Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, паркі трэба падтрымліваць у іх натуральным стане. "Яны павінны быць такімі, якімі былі ў тыя часы", - сказаў ён. Спецыялістамі завершаны работы па рэстаўрацыі захаваных інтэр'ераў і іх элементаў. 57% экспазіцый уяўляюць арыгінальныя прадметы XVI - пачатку XIX стагоддзя, астатняе - копіі і сучасныя ўзнаўленні старадаўніх арыгіналаў. Міжнародныя эксперты далі пазітыўную ацэнку адноўленым інтэр'ерам. У сувязі з гэтым Прэзідэнт закрануў праблему з рэстаўрацыйнымі кадрамі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што існуючую сістэму ў рэстаўрацыі неабходна рэарганізаваць і аб'яднаць усіх спецыялістаў у адну арганізацыю. "Гэта апошні замак, дзе я хаджу і ўсё трымаю на кантролі. Сядайце і думайце, якім будзе прадпрыемства па рэстаўрацыі. Трэба ўсіх аб'яднаць у адну арганізацыю. А то мы там марнуем шалёныя грошы, робім у разы даражэй, чым калі б замежнікі рабілі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.