30 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гаспадаркі павінны мець уласныя фінансы для бягучай дзейнасці. Таму найважнейшая задача – навучыцца зарабляць грошы, лічыць не толькі выручку, але і прыбытак ад продажаў. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы сёння на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2011", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Прэзідэнта, невыпадкова асноўнай ацэнкай працы сельскай гаспадаркі ў новай Дзяржаўнай праграме ўстойлівага развіцця сяла на 2011-2015 гады вызначана рэнтабельнасць продажаў на ўзроўні 10-11%. Не менш важнай задачай галіны, якая вынікае з першай, з'яўляецца рост прадукцыйнасці працы. Новай праграмай на пяцігоддзе ён вызначаны ў 167%. Прэзідэнт лічыць, што без стварэння неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базы зрабіць гэта немагчыма. Таму праца прадстаіць маштабная. Трэба пабудаваць 875 малочна-таварных ферм з унядрэннем сучасных тэхналогій утрымання жывёлы і даення, 72 сучасныя комплексы па вырошчванні свіней з завершаным цыклам вытворчасці, амаль 800 новых збожжаачыстна-сушыльных комплексаў, а таксама сучасныя збожжасховішчы ёмістасцю амаль 2 млн.т. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэту базу неабходна стварыць нават ва ўмовах абмежаваных фінансавых сродкаў. Варта знайсці разумныя рашэнні змяншэння кошту аб'ектаў, але не на шкоду іх тэхналагічнасці. -0-

БЕЛТА