24 лютага, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Пры прыцягненні інвестараў у малочныя перапрацоўчыя галіны Беларусі неабходна перш за ўсё захоўваць інтарэсы дзяржавы і народа. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на нарадзе па пытанні фарміравання буйных малочных перапрацоўчых прадпрыемстваў (холдынгаў), перадае карэспандэнт БЕЛТА. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у апошні час вядзецца шмат размоў аб партнёрстве паміж прыватнікам і дзяржавай. "На жаль, многія гэты тэзіс трактуюць занадта аднабакова і спрошчана - усё зводзіцца да прыватызацыі вытворчых магутнасцей і, па сутнасці, выцяснення дзяржавы з эканомікі. Такі падыход нельга назваць аптымальным і збалансаваным, асабліва калі гаворка ідзе пра сферы, якія закранаюць інтарэсы ўсіх слаёў насельніцтва, маюць стратэгічнае і сацыяльнае значэнне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, аб важнасці малочнай перапрацоўчай галіны для дзяржавы сведчаць многія фактары. Па-першае, на яе працуюць амаль усе сельскагаспадарчыя арганізацыі ва ўсіх рэгіёнах краіны. Па-другое, галіна вырабляе вялікія аб'ёмы сацыяльна значнай прадукцыі і ў значнай ступені забяспечвае харчовую бяспеку краіны. "Гэта значыць, малочныя заводы вырабляюць не толькі дарагую прадукцыю. Прыватызуючы гэтыя прадпрыемствы, дзе гарантыя, што прыватнік гэтак жа будзе клапаціцца пра вытворчасць сацыяльна значнай прадукцыі?" - заўважыў беларускі лідар. Па-трэцяе, працягнуў ён, прадукцыя галіны запатрабавана на знешніх рынках, прыносіць адчувальныя даходы прадпрыемствам і валюту дзяржаве. Беларусь уваходзіць у пяцёрку вядучых пастаўшчыкоў малочных прадуктаў у свеце. "Адсюль, напэўна, і вялікая цікавасць прыватных інвестараў да нашай малочнай перапрацоўчай прамысловасці, ды і мясаперапрацоўчай у тым ліку", - сказаў Прэзідэнт.