13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У выпадку зацягвання кампаніяй "Ітэра" рэалізацыі праекта "Мінск-Сіці" ён будзе перададзены іншаму інвестару. Аб гэтым заявіў 13 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай ходу рэалізацыі гэтага праекта, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. "Ніякіх пераносаў тэрміну больш не будзе! Ніякіх льгот дадаткова не будзе! Усё, што на сённяшні дзень існуе: можаш - будаўні, не можаш - прыйдзі і скажы, што не можам мы ў гэтых умовах будаваць", - заявіў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да старшыні Савета дырэктараў міжнароднай групы кампаній "Ітэра" Ігару Макараву. Па словах Прэзідэнта, у такім выпадку рэалізацыя гэтага праекта будзе прапанавана іншым інвестарам, якія ўжо сёння выказваюць сваю зацікаўленасць. "Ну, калі не можа сёння Макараў тут аб'ектыўна будаваць, не падабаецца, стратны праект ці яшчэ нешта - аддайце яму тое, што ён можа будаваць. А астатняе - хай будуюць іншыя", - сказаў кіраўнік дзяржавы. "Запомніце: першы этап - гэта канец гэтага года, калі па ўсіх напрамках не будзе руху, значыць, у студзені трэба прымаць кардынальнае рашэнне", - падкрэсліў Прэзідэнт. Падводзячы вынікі размовы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў выпадку нежадання кампаніяй "Ітэра" працягваць удзел у рэалізацыі праекта, у студзені 2012 года будуць знойдзены новыя інвестары, гатовыя на такіх умовах і згодна з зацверджаным планам узводзіць "Мінск-Сіці". "Але карміць мяне абяцаннямі спыніце!" - паставіў кропку Прэзідэнт.-0-

БЕЛТА