А. Лукашэнка запрашае бізнесменаў Вялікабрытаніі і Ірландыі да ўдзелу ў прыватызацыі прадпрыемстваў Беларусі
14.3.20110 праглядаў
14 сакавіка, Мінск /Таццяна Паляжай – БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрашае бізнесменаў Вялікабрытаніі і Ірландыі да ўдзелу ў прыватызацыі прадпрыемстваў Беларусі і стварэнні новых вытворчасцей. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі дзелавых колаў гэтых краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы нічога не будзем хаваць, у тым ліку аб'екты, якія ў бліжэйшы час падлягаюць прыватызацыі. І калі ў вас ёсць жаданне і імкненне паўдзельнічаць у гэтым працэсе – калі ласка, – сказаў Прэзідэнт. – Але калі вы хочаце стварыць новыя прадпрыемствы ў Беларусі, якія будуць працаваць у рамках Мытнага саюза Расіі, Казахстана і Беларусі, – тут вам "зялёная вуліца".
Ён таксама дадаў, што Беларусі ёсць чаму павучыцца ў гэтых краін і ёсць што прапанаваць. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вывучыў прапановы бізнесменаў, якія прысутнічалі на сустрэчы, і запэўніў, што "няма такіх прапаноў, якія б нас не цікавілі". У той жа час Прэзідэнт папрасіў удзельнікаў сустрэчы дзейнічаць аператыўна, калі яны гатовыя працаваць у Беларусі. "З нашага боку мы зробім усё для таго, каб вы маглі ўжо на працягу першага паўгоддзя, максімум гэтага года, разгарнуць сваю вытворчасць у Беларусі", – запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў Беларусі замежнаму бізнесу гарантаваны стабільнасць і прадказальнасць. "Думаю, што для бізнесу галоўнае, каб у той краіне, куды вы хацелі б прыйсці са сваім капіталам, адкрыць сваю справу, былі стабільнасць і прадказальнасць. Мы гэтым багаццем валодаем", – сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што рады таму, што прадстаўнікі дзелавых колаў Вялікабрытаніі і Ірландыі змогуць на свае вочы ўбачыць Беларусь, якая сёння развіваецца і забяспечвае неабходныя ўмовы для жыцця людзей, краіну, якая знаходзіцца ў сэрцы Еўропы.
У сваю чаргу кіруючы дырэктар і саўладальнік кампаніі "Стемкор" Дэвід Фактар, кажучы ад імя ўсіх прысутных на сустрэчы, адзначыў іх намер развіваць бізнес у Беларусі. На яго думку, прысутнасць на гэтай сустрэчы прадстаўнікоў беларускага ўрада сведчыць аб тым, што бакі змогуць дасягнуць вялікіх вынікаў. "Па стане на цяперашні момант мы змаглі знайсці ў Беларусі сумленнасць і надзейнасць", – сказаў ён і дадаў, што ўсе прысутныя з боку дзелавых колаў Вялікабрытаніі і Ірландыі хочуць знайсці спосабы ўвасобіць у канкрэтны бізнес свае намеры.-0-
БЕЛТА