А. Лукашэнка запрашае замежных інвестараў да распрацоўкі новых радовішчаў у Беларусі, у тым ліку калійных
18.7.20110 праглядаў
18 ліпеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрашае замежных інвестараў да распрацоўкі новых радовішчаў у Беларусі, у тым ліку калійных. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння на сустрэчы з кіраўніцтвам групы кампаній Boulle Mining Group, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з улікам росту попыту на карысныя выкапні, у тым ліку і калійныя, у Беларусі дастаткова прапаноў інвестараў па распрацоўцы ўжо вядомых і новых радовішчаў. Беларускі бок у цяперашні час выбірае з гэтых прапаноў найбольш выгадныя.
Па словах Прэзідэнта, магчымасць цяперашняй сустрэчы прапрацоўвалася з сярэдзіны мінулага года. "Вы - людзі заможныя, багатыя, гатовыя працаваць у Беларусі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва групы кампаній Boulle Mining Group. - Нам прадказвалі ледзь не крах эканомікі, але калі інвестары ідуць у нашу краіну, значыць, да краху яшчэ далёка".
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што для Беларусі вельмі важнае пытанне даследавання прыродных рэсурсаў. "Мне здаецца, мы далёка не ўсё ведаем пра тое, чым валодаем", - сказаў ён. Па словах кіраўніка дзяржавы, геолагаразведка і прамысловае асваенне прыродных багаццяў набываюць асаблівую актуальнасць.
У Беларусі маюцца вопыт і адпаведныя структуры для вядзення геолагаразведкі і прамысловай распрацоўкі радовішчаў, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да кіраўніка групы кампаній Жан-Раймона Буля, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі добра ведаюць аб гэтай кампаніі, азнаёмлены з яе дзейнасцю, вопытам у геолагаразведцы і сучаснымі метадамі здабычы мінеральнай сыравіны. "Мы былі б вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў гэтым напрамку, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Мы зацікаўлены ў найноўшых тэхналогіях і маштабных аб'ёмах капіталаўкладанняў". Па словах кіраўніка дзяржавы, выкарыстанне прыродных рэсурсаў мае не толькі чыста эканамічны інтарэс, але і велізарнае сацыяльна-палітычнае значэнне. У першую чаргу гэта тычыцца галоўнага рэзерву - калійных соляў, па запасах якіх Беларусь займае трэцяе месца ў свеце. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з трох адкрытых буйных радовішчаў здабыча вядзецца пакуль толькі на адным - Старобінскім, два іншыя - Акцябрскае і Петрыкаўскае - пакуль яшчэ недастаткова распрацаваны. Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў зацікаўленасць у распрацоўцы гэтых радовішчаў.
"Вы – адна з груп кампаній, якія зацікаўлены ў геолагаразведцы ў нашай краіне і не толькі ў напрамку пошуку калійных солей, але і па іншых напрамках, а таксама зацікаўлены ў распрацоўцы гэтых радовішчаў", – сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да госця. У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь будзе мець справу з любой кампаніяй, калі яна здольная "на сённяшні дзень прыйсці і працаваць, а не проста абяцаць". "Вы можаце абяцаць, але я вам адразу скажу, што калі з'явяцца новыя кампаніі, якія заўтра гатовыя працаваць, мы будзем працаваць з імі", – заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Мы хочам, каб нашы дамоўленасці былі канкрэтнымі і сціснутымі ў часе па-дзелавому, як гэта прынята ў вас, у людзей буйнога бізнесу", – дадаў ён.
Прэзідэнт таксама выказаў жаданне пачуць ад прысутных, у тым ліку і ад урада, на якім узроўні знаходзяцца дамоўленасці з гэтым інвестарам.
Жан-Раймон Буль у сваю чаргу адзначыў, што Беларусь валодае вялікімі запасамі карысных выкапняў. Ён распавёў пра багаты вопыт яго кампаніі ў частцы геолагаразведкі і здабычы карысных выкапняў у многіх краінах свету. Што ж тычыцца Беларусі і яе Прэзідэнта, то інвестар сказаў: "Беларусь дасягнула вялікіх поспехаў. Спадзяюся, што людзі ў Амерыцы, Еўропе будуць больш справядлівыя да вашай краіны і змогуць лепш зразумець тое дабро, якое вы зрабілі для вашай краіны". -0-
БЕЛТА