10 мая, Заслаўе /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае прыватны бізнес да большай актыўнасці. Гэтае пытанне было закранута сёння падчас наведвання кіраўніком дзяржавы ЗАТ "Косвік" у Заслаўі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку гэтага замежнага прадпрыемства разгледзець магчымасць стварэння падобнай вытворчасці ў любым іншым населеным пункце Беларусі. Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава ў сваю чаргу гатова ўдзельнічаць у гэтым працэсе. У той жа час Прэзідэнт патрабуе ад мясцовай улады большай актыўнасці па прыцягненні прадпрымальнікаў да інвеставання ў новыя вытворчасці. Кіраўнік дзяржавы таксама арыентаваў чыноўнікаў на большае выкарыстанне мясцовай сыравіны ў вытворчасці. Замежнае прадпрыемства "Косвік" стваралася з удзелам канадскага капіталу і арыентуецца на выпуск паркета і паркетнай дошкі з дуба і ясеня. Упершыню масіўныя падлогі Koswick былі прадстаўлены на рынку ў 1995 годзе. Круглы лес, які кампанія выкарыстоўвае для вытворчасці паркета, нарыхтоўваецца пры санітарных высечках і не прыводзіць да скарачэння дубовых і ясеневых лясоў. Прадпрыемства цесна супрацоўнічае з мясцовымі арганізацыямі па абароне і падтрымцы навакольнага асяроддзя і лясных запасаў. Усе адходы вытворчасці ў выглядзе апілак і абрэзкаў перапрацоўваюцца: часткова спальваюцца ў уласнай кацельні для ацяплення памяшканняў, часткова пераўтвараюцца ў брыкеты і пелеты, якія шырока выкарыстоўваюцца ў якасці паліва для ацяплення жылля. У студзені-сакавіку гэтага года прадпрыемствам выраблена прадукцыі на суму Br10,2 млрд., што на 72,4% вышэй за аналагічны перыяд мінулага года. На 2011 год запланаваны аб'ём вытворчасці прадукцыі не менш Br48 млрд. Прадпрыемства плануе таксама пашырыць геаграфію паставак прадукцыі і выйсці на новыя рынкі краін СНД. Экспарт прадукцыі ў 2011 годзе чакаецца ў аб'ёме не менш $10 млн. ЗАТ "Косвік" мае шырокую дылерскую сетку па ўсім свеце і паспяхова экспартуе сваю прадукцыю ў Канаду, ЗША, Вялікабрытанію, Грэцыю, Германію, краіны Балтыі, Расію і іншыя. Аляксандр Лукашэнка агледзеў цэхі склейвання, аздаблення, пакавання, агледзеў выставу гатовай прадукцыі. -0-

БЕЛТА