20 лютага, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае паслоў замежных дзяржаў непрадузята і аб'ектыўна ацэньваць Беларусь. Аб гэтым ён заявіў сёння, прымаючы даверальныя граматы паслоў дзевяці дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Не сумняваюся, што вы зможаце непрадузята і аб'ектыўна ацаніць нашы рэаліі, пераканацца, што Беларусь не толькі надзейны і прадказальны партнёр, але і верны сябар, гатовы ў цяжкую хвіліну падставіць сваё плячо", - сказаў Прэзідэнт. "Заклікаю вас выбудоўваць не проста ўзаемавыгадныя, а па-сапраўднаму шчырыя, даверлівыя адносіны паміж нашымі краінамі. І тады ваша дзейнасць тут будзе сапраўды паспяховай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу Прэзідэнт паабяцаў, што як кіраўнік дзяржавы будзе максімальна спрыяць эфектыўнай працы дыпламатаў на беларускай зямлі. "Упэўнены, пазнаёміўшыся бліжэй з нашай краінай, яе багатымі гісторыяй, культурай, традыцыямі, вы станеце шчырымі сябрамі беларускага народа, прыхільнікамі ідэй узаемавыгаднага супрацоўніцтва, раўнапраўнага і паважлівага дыялогу", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што дзейнасць кожнага з дыпламатаў стане важкім укладам ва ўмацаванне менавіта такіх адносін і будзе спрыяць збліжэнню дзяржаў, нарошчванню практычнага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах.-0-

БЕЛТА