9 лістапада, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння правядзе нараду аб павышэнні эфектыўнасці работы са зваротамі грамадзян. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Штогод у органы дзяржаўнай улады звяртаюцца каля 1 млн. чалавек, гэта значыць практычна кожны дзясяты грамадзянін краіны. Тэматыка зваротаў ахоплівае шырокі спектр праблем, сярод якіх пераважная большасць датычыцца сацыяльнай сферы, каля 30% - судоў і праваахоўных органаў. Лідзіруюць скаргі на работу арганізацый сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Грамадзян не задавольвае якасць правядзення бягучага і капітальнага рамонту (39%), арганізацыя водазабеспячэння (35%), узровень добраўпарадкавання тэрыторый (16%) і іншыя. Аднак найбольшае абурэнне ў людзей выклікаюць безадказнасць, расхлябанасць, невыкананне работнікамі ЖКГ, што ўказваецца больш чым у 80% скаргаў. На працягу шэрагу гадоў назіраецца рост колькасці скаргаў па пытаннях будаўніцтва жылля. За 9 месяцаў 2010 года паступіла больш за 25 тыс. такіх зваротаў. Сур'ёзную занепакоенасць у насельніцтва выклікаюць пытанні землекарыстання, асабліва ў буйных гарадах і прыгарадах, з улікам высокага кошту зямельных участкаў, а таксама недастатковай сацыяльнай абароны насельніцтва. Сферай павышанай сацыяльнай напружанасці застаецца аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву. Сёлета толькі ў міністэрства і падпарадкаваныя арганізацыі паступіла звыш 25 тыс. зваротаў. Хранічны характар маюць парушэнні ў сферах адукацыі, транспарту, сувязі, гандлю і бытавога абслугоўвання сельскага насельніцтва. Удзельная вага такога роду зваротаў складае каля 10% пошты. Назіраецца таксама няўхільны рост колькасці зваротаў па пытаннях дзейнасці праваахоўных органаў і судоў. Грамадзяне ў лістах выказваюць нязгоду з судовымі пастановамі па крымінальных, грамадзянскіх, гаспадарчых справах, па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях.-0-

БЕЛТА