А. Лукашэнка раскрытыкаваў працу дзяржорганаў па выкананні найважнейшых параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця
27.8.20100 праглядаў
27 жніўня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў работу ўрада і Нацыянальнага банка Беларусі па выкананні найважнейшых параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Пра гэта сёння ён заявіў падчас даклада ўрада і Нацбанка аб рабоце эканомікі і сацыяльна-эканамічным развіцці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У уступным слове кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пытанні, вынесеныя на абмеркаванне, маюць вялікую важнасць для развіцця краіны. "Нам трэба разгледзець не толькі справаздачу ўрада і Нацыянальнага банка аб выніках работы за мінулы перыяд 2010 года, але і праекты дакументаў, якія стануць найважнейшымі інструментамі дзяржаўнай палітыкі, што вызначаюць развіццё краіны ў будучым годзе і на сярэднетэрміновую перспектыву", - сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што неабходна выявіць найбольш вострыя праблемы.
"Ад таго, з якімі вынікамі мы падыдзем да канца пяцігодкі, будзе залежаць, як мы будзем трымаць справаздачу перад беларускім народам за рэалізацыю рашэнняў трэцяга Усебеларускага народнага сходу, за выніковасць прынятых намі мер па паляпшэнню якасці жыцця насельніцтва. За ўсё, што было намі абяцана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Па словах Прэзідэнта, нягледзячы на паступовае нарошчванне тэмпаў, не вырашаны шэраг праблем, якія істотна стрымліваюць дынамічнае сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны. "У студзені-ліпені 2010 года практычна правалена выкананне найважнейшых параметраў па асноўных мэтавых паказчыках прагнозу. Не дасягнута запланаванае ні па прамысловай вытворчасці, ні па выпуску сельскагаспадарчай прадукцыі, ні па інвестыцыях у асноўны капітал, ні па іншых найважнейшых паказчыках", - адзначыў ён.
У выніку ўсё гэта істотна паўплывала на тэпы росту валавога ўнутранага прадукту (107% пры прагнозе 111-113%). Аляксандр Лукашэнка таксама назваў вельмі нездавальняючай работу дзяржда органаў па прыцягненні ў эканоміку краіны прамых замежных інвестыцый. Ён адзначыў несбалансаванасць у знешнім гандлі і нізкую дыверсіфікацыю экспарту. За 6 месяцаў бягучага года адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі сфармавалася ў суме $2,4 млрд.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз звярнуў увагу на праблему ліквідацыі запасаў гатовай прадукцыі на складах. "Вырашэнне гэтай праблемы важна не само па сабе. Ад гэтага залежыць фінансавае становішча рэальнага сектара эканомікі", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу і на рост пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці. "Гэта значыць, гатовая прадукцыя адгружана, а выручкі за яе не паступіла. Больш таго, знешняя пратэрмінаваная запазычанасць расійскіх партнёраў перавысіла доўг беларускіх прамысловых прадпрыемстваў на Br347 млрд, або ў 4 разы, - адзначыў беларускі лідар. - Іншымі словамі, што ж атрымліваецца - выгаду ад росту экспарту і разгрузкі складоў маюць не беларускія вытворцы, а іх знешнегандлёвыя партнёры".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў цэнтры справаздач урада і Нацбанка павінна стаяць найважнейшая задача - павышэнне канкурэнтаздольнасці нацыянальнай эканомікі, у вырашэнні якой ключавая роля належыць інавацыям.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся сітуацыяй на валютным рынку краіны, адзначыўшы адмоўнае сальда з боку суб'ектаў гаспадарання. "Калі раней прадпрыемствы з'яўляліся асноўнымі пастаўшчыкамі валюты, то цяпер становішча змянілася з дакладнасцю да наадварот", - сказаў ён.
Прэзідэнт запатрабаваў ад урада і Нацбанка канкрэтных прапаноў па вырашэнні наяўных праблем да канца 2010 года. Акрамя таго, па словах Аляксандра Лукашэнкі, сёння трэба выпрацаваць найважнейшыя інструменты ажыццяўлення дзяржаўнай палітыкі на 2011 год, дэталёва разгледзець прадстаўленыя ўрадам і Нацбанкам праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, бюджэту, асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі, абмеркаваць прапановы па ўдасканаленні падаткаабкладання і асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2015 года. "Ніякіх самасправаздач. Па-дзелавому: праблемы, меры і шляхі вырашэння", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.-0-
БЕЛТА