А. Лукашэнка распарадзіўся ўрэзаць расход паліва службовага транспарту ўрада і Адміністрацыі Прэзідэнта
8.6.20110 праглядаў
8 чэрвеня, Мінск /Таццяна Паляжай - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі распарадзіўся напалову ўрэзаць расход паліва службовага транспарту ўрада і Адміністрацыі Прэзідэнта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З заўтрашняй раніцы напалову ўрэзаць ліміт паліва ўраду і Адміністрацыі. На роварах хай ездзяць, тады, можа быць, будуць думаць, як думаюць людзі", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Як на зло робяць!" - дадаў Прэзідэнт.
"Людзі толькі-толькі ачунялі ад удару - на табе, як абухом па галаве, другі раз. Толькі людзі прыйшлі ў сябе - на табе трэці раз, і гэта, мне дакладваюць, не апошні", - канстатаваў Прэзідэнт. "Тады, хлопцы, я скажу вам, не ў краіне, а дзесьці за межамі трэба будзе шукаць працу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных у зале. - Я дапусціць гэтага здзеку над людзьмі не магу. Я вас папярэдзіў 10 дзён таму, прэм'ер-міністра асабіста".
"Вы зыходзіце з нейкага курса долара. Скажыце мне, калі ласка, а які сёння рэальны курс долара? Не ведаеце. Дык чаму прывязвайце да нейкага незразумелага курса долара ўсё на свеце, у тым ліку і паліва? Няўжо тут нельга было прайсці спакойна, павысіўшы цэны на паліва на 10-15% адразу, а потым расцягнуць да 1 студзеня, калі стабілізуецца сітуацыя на валютным рынку, прывязацца да нейкага долара і пералічыць праз долар цану на гэта паліва. Гэта нельга было зрабіць?" - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што на сённяшняй нарадзе мае намер пачуць выразныя тлумачэнні з пункту гледжання ўнутранай сітуацыі ў краіне. "Шчырае слова, як дзеці малыя. Ад вас запалкі ў доме трэба хаваць, бо дом спаліце. Толькі адвернешся - дакладна дом спаліце", - сказаў Прэзідэнт.
Звяртаючыся да губернатараў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мае намер пачуць ад іх, як яны збіраюцца весці ўборачную кампанію, павысіўшы цэны на паліва. "Ці вы думаеце, што з бюджэту вам хтосьці грошы дасць? У бюджэце гэтых грошай няма", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка мае намер пачуць і пра сітуацыю на валютным рынку. "Думаю, калі Пётр Пятровіч у стане сёння, ён дакладзе, што адбываецца на ўнутраным рынку і што будзе заўтра, паслязаўтра, праз 5 дзён, а не абмяжуемся размовамі аб імпартазамяшчэнні", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да кіраўніка Нацбанка Пятра Пракаповіча. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што галоўнае, што ён хоча пачуць, - гэта дынаміка, што змянілася за апошнія 10 дзён "з моманту прынцыповай размовы". "Вы мне дакладваеце, што ажывіўся пазабіржавы валютны рынак. Хацелася б мець канкрэтныя факты, як ажывіўся гэты пазабіржавы рынак", - адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад прысутных даць дакладныя адказы на пытанні, хто і як прымаў рашэнні аб павелічэнні цэн на спажывецкія тавары, у тым ліку паліва, чым матываваныя такія значныя скачкі цэн, як урад мае намер стрымаць інфляцыю, ці прадугледжаны адэкватныя меры сацыяльнай абароны насельніцтва, ці бачная станоўчая дынаміка на ўнутраным валютным рынку.-0-
БЕЛТА