15 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на пашырэнне супрацоўніцтва ў фармаце Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Я вельмі рады, што нам давядзецца разам працаваць над удасканаленнем Саюзнай дзяржавы. Гэтым будзе займацца чалавек не толькі пісьменны, але і які любіць Расію і Беларусь", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Рыгора Рапоты. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна вызначыць падыходы, якія дапамогуць падняць узровень супрацоўніцтва ў гэтым саюзным праекце. "Мы знойдзем і, хутчэй за ўсё, абавязаны знайсці тыя напрамкі, якія дазволяць гаварыць аб добрай дынаміцы ў развіцці Саюзнай дзяржавы", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама заўважыў, што Рыгор Рапота вельмі добра ведае абранага Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. "Справа ў тым, што я з ім нядаўна размаўляў, і першая фраза, якую ён сказаў, была: "Нам трэба развіваць нашу інтэграцыю, быць бліжэй адзін да аднаго", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. "Сапраўды, час, сітуацыя, абстаноўка гавораць менавіта аб гэтым і паказваюць, што нам не трэба глядзець па баках, што там пра нас падумаюць. Трэба думаць пра свой народ і думаць пра тое, што гэты народ падумае пра нас у Расіі і Беларусі, і дзейнічаць у гэтым напрамку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Гатовы абмеркаваць сёння асноўныя напрамкі нашай дзейнасці аж да склікання Вышэйшага дзяржсавета і комплекс пытанняў, якія сёння востра стаяць у Саюзе Беларусі і Расіі", - сказаў Прэзідэнт. У сваю чаргу Рыгор Рапота адзначыў, што для яго надзвычай важна меркаванне Прэзідэнта Беларусі, каб правільна выбудоўваць працу выканаўчых органаў, таму што ён таксама ўзначальвае Вышэйшы дзяржсавет. "Абсалютна з вамі згодны, што мы павінны знайсці, і мы ўжо маем шэраг ідэй на гэты конт аб развіцці супрацоўніцтва (у Саюзнай дзяржаве. - Заўвага. БЕЛТА)", - сказаў дзяржсакратар. Паводле яго слоў, у цяперашні час вядзецца аналіз сітуацыі, звязанай з актывізацыяй работы ў тройцы ЕЭП. "Мы павінны разумець месца нашай Саюзнай дзяржавы ў гэтай інтэграцыйнай канструкцыі і ў цэлым у СНД", - сказаў Рыгор Рапота.