20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 верасня разгледзеў кадравыя пытанні. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Кіраўнік дзяржавы прызначыў: Канюка Аляксандра Уладзіміравіча – генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь, вызваліўшы ад пасады намесніка старшыні Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь; Падгурскага Івана Мікалаевіча – начальнікам упраўлення ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь; Маткіна Алега Уладзіміравіча – намеснікам камандзіра ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – начальнікам аператыўнай і баявой падрыхтоўкі. Прэзідэнт таксама даў згоду на прызначэнне: Гадавальніка Генадзя Васільевіча – намеснікам міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь – дырэктарам Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці. Прызначаючы Аляксандра Канюка, кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Па-першае, у пракуратуры трэба прынцыпова разабрацца з сітуацыяй, перш за ўсё з кадравай. Як чалавек ваенны, вы па службе ведаеце многіх людзей, якіх можна было б прыцягнуць для працы ў Генеральнай пракуратуры і пракурорскіх органах, каб перш за ўсё там навесці парадак і павярнуць пракуратуру тварам да вырашэння тых праблем, якія трэба сёння вырашаць". Па-другое, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу новага генпракурора на тых задачах, якія стаяць перад пракуратурай у святле стварэння Следчага камітэта. "Пракуратура ўбаку стаяць не можа. Без генеральнага пракурора наогул гэту працу немагчыма правесці. Патрэбен адказны, моцны арганізатар, які б, калі ўжо не павядзе ў цэлым гэту працу, то будзе ў эпіцэнтры ўсіх дзеянняў. Вы павінны дакладна ведаць не толькі, чым будзе займацца Следчы камітэт, але і выбудоўваць яго аж да арганізацыйнай структуры, падбору кадраў. Таму што вам давядзецца працаваць у найшчыльнейшым кантакце са Следчым камітэтам, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Так, ён будзе непасрэдна падпарадкаваны Прэзідэнту, але вы рыхтуйцеся да таго, што вельмі вялікія функцыі і паўнамоцтвы ў сувязі з гэтым будуць у Генеральнага пракурора. Калі хочаце, Генеральны пракурор павінен стаць правай рукой у плане арганізацыі і нагляду за следствам, асабліва на першых часах".