23 чэрвеня, Брэст /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што сказаць людзям праўду - гэта важней, чым яго ўласны рэйтынг. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА адносна агучанай кіраўніком дзяржавы непапулярнай заявы, што ў бліжэйшы час валюты ў абменніках не будзе.
"Калі б я сказаў, што мяне не цікавіць рэйтынг, быў бы не зусім шчырым. Для любога палітыка важны гэты рэйтынг - як вы ставіцеся да мяне, як народ да мяне ставіцца", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён адзначыў, што ёсць аб'ектыўныя законы, асабліва ў эканоміцы. "Я як эканаміст скажу, што гэтыя эканамічныя законы, на жаль, дзейнічаюць незалежна ад нашай волі. Я гэта выдатна разумею, і як бы ні хацеў вам спадабацца, павінен дзейнічаць у адпаведнасці з гэтымі законамі. Гэта першае. Другое: вы думаеце, лепш было б, калі б я сказаў: Заўтра ў абменніках ці дзесьці будзе валюта, а насамрэч яе не будзе, што, людзі верылі б мне? Не. Я сказаў ім праўду. Прынясеце прадаваць валюту, гэтая валюта ў абменніках і банках будзе, і хтосьці яе купіць. Але я сказаў - дзяржава ў гэту гульню, вобразна кажучы, пакуль гуляць не будзе - як мінімум да ліпеня", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Па словах кіраўніка дзяржавы, пасля размовы з кітайскімі і расійскімі спецыялістамі ён яшчэ раз пераканаўся, што быў абсалютна правы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што калі камусьці вельмі патрэбна валюта для лячэння, дзелавых паездак за мяжу, то, напісаўшы заяву ў Беларусбанк, ён атрымае валюту. Але калі могуць пакуль пацярпець - трэба пацярпець. Тыя, каму не патрэбна валюта, не павінны хадзіць у абменнікі яе атрымліваць. "Ну навошта выводзіць валюту з эканомікі?", - слушна заўважыў Прэзідэнт.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка лічыць, што сказаць людзям праўду важней, чым яго ўласны рэйтынг
23.6.20110 праглядаў