А. Лукашэнка лічыць неабходным вызначыць рэзервы для паляпшэння эканамічнага стану сельгаспрадпрыемстваў
22.3.20110 праглядаў
22 сакавіка, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным вызначыць дадатковыя рэзервы, якія трэба задзейнічаць для паляпшэння эканамічнага стану сельгаспрадпрыемстваў краіны. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёння падчас даклада ўрада аб выніках развіцця вёскі ў 2005-2010 гадах і задачах па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця сельскіх тэрыторый на 2011-2015 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, трэба разгледзець стратэгічна важныя пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу краіны. У прыватнасці, урад прадставіў на зацвярджэнне новую дзяржаўную праграму развіцця сельскіх тэрыторый на 2011-2015 гады.
"Гэта чацвёртая па ліку аграрная праграма. Ёй папярэднічалі тры, выкананне якіх дазволіла нам не толькі пераадолець сур'ёзнае падзенне галіны ў посткастрычніцкія гады, але і дамагчыся яе дынамічнага росту. Дзякуючы гэтаму мы забяспечылі харчовую бяспеку Беларусі, тым самым стварылі трывалую аснову для сацыяльна-палітычнай стабільнасці нашага грамадства", - сказаў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, сучасная сітуацыя з харчаваннем у свеце паказвае, што значнасць паспяховага развіцця АПК нязменна ўзрастае. Сельгаспрадукцыя ўсё больш становіцца стратэгічным рэсурсам на сусветным рынку. "І ў адрозненне ад прыродных выкапняў мы гэты рэсурс можам сур'ёзна павялічыць, здабываючы велізарную карысць для краіны і народа, нарошчваючы экспарт харчавання, - лічыць кіраўнік дзяржавы. - Калі ў мінулым неспрыяльным годзе ад замежных паставак нашага аграрнага сектара атрымана $3,3 млрд., то да 2015 года неабходна выйсці на мяжу больш за $7 млрд. Дасягненню гэтага будуць спрыяць узрастаючы сусветны попыт на харчаванне і нашы магчымасці для больш эфектыўнага развіцця сельскай гаспадаркі. Пры гэтым цэны на харчаванне ў свеце маюць тэндэнцыю да росту".
Гэту задачу павінна ў поўнай меры вырашыць новая аграрная праграма. Аднак, перш чым перайсці да яе дэталёвага абмеркавання, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прааналізаваць вынікі выканання таго, што намячалася на 2005-2010 гады. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць аб'ектыўна ацаніць поспехі і недапрацоўкі, каб здабыць урокі на будучыню і не дапусціць збояў у развіцці. У гэтым плане Прэзідэнт запатрабаваў ад дакладчыкаў не простае канстатаванне фактаў, а выяўленне прычын негатыўных з'яў, у першую чаргу такіх, як велізарная запазычанасць сельгас-арганізацый, нізкая рэнтабельнасць продажаў, адставанне ад прагнозных паказчыкаў па тэмпах росту вытворчасці і асартыменце прадукцыі. "Чаму павольна ўкараняюцца ў галіне новыя, больш эфектыўныя механізмы гаспадарання на вёсцы?" - паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым ён лічыць неабходным "вызначыць, якія дадатковыя рэзервы, што трэба задзейнічаць для паляпшэння эканамічнага стану сельгас-прадпрыемстваў". Таксама неабходна вызначыць, якім чынам павысіць аддачу капіталаўкладанняў у раслінаводства і жывёлагадоўлю, як вывесці на сусветны ўзровень працу ўсёй перапрацоўчай прамысловасці. "Пры абмеркаванні новай праграмы ад удзельнікаў нарады хацелася б пачуць ацэнку таго, наколькі яна нацэлена на інтэнсіфікацыю АПК, забеспячэнне канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, скарачэнне выдаткаў, рост прадукцыйнасці працы", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама пацікавіўся тым, як улічваецца рэгіянальная спецыялізацыя вытворчасці і задавальнення попыту ўсяго насельніцтва на шырокі асартымент харчавання, уключаючы грэчку, гародніну, садавіну і іншыя прадукты харчавання. Акрамя таго, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства на пытанні, наколькі стабільным будзе фінансавае забеспячэнне новай праграмы.
Найважнейшым пытаннем, перакананы беларускі лідар, застаецца і фарміраванне кадравага корпуса, здольнага вырашаць аграрныя праблемы на ўзроўні сучасных патрабаванняў, як зацікавіць яго ў павышэнні эканамічных вынікаў вытворчай дзейнасці.
Важна таксама абазначыць перспектывы развіцця сацыяльнай сферы вёскі, далейшыя планы па добраўпарадкаванні аграгарадкоў і вёсак.
"Ніякіх рэляцый, ніякай палітыкі, ніякіх асабістых інтарэсаў - толькі ацэнкі: што зроблена, што не зроблена, і як будзем дзейнічаць у гэтым напрамку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады.За час рэалізацыі дзяржпраграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады праведзена значная работа па развіцці вытворчай сферы вёскі і сацыяльнай інфраструктуры сельскай мясцовасці. Толькі ў 2010 годзе для развіцця сельскай гаспадаркі выкарыстана Br9,1 трлн. інвестыцый у асноўны капітал, што ў 2,6 раза больш, чым у 2005 годзе. Як вынік, за 2005-2010 гады істотна абноўлена яго тэхніка-тэхналагічная база: рэканструяваны і пабудаваны амаль 1,5 тыс. малочнатаварных ферм, сельгаспрадпрыемствам пастаўлялася неабходная ім сучасная тэхніка. Створаная сетка са 1481 аграгарадка, раўнамерна размеркаваных па краіне, дазволіла забяспечыць сацыяльныя стандарты не толькі насельніцтву, што пражывае ў іх, але і жыхарам прылеглых тэрыторый.
Забяспечана канцэнтрацыя сельгасвытворчасці: плошча сельгасугоддзяў у сярэднім на адну гаспадарку за 6 гадоў павялічылася ў 1,4 раза і склала больш за 5 тыс.га.
Усяго на выкананне праграмы накіравана Br128,2 трлн., што амаль на траціну больш за прадугледжаны аб'ём.
Дзяржпраграма на 2011-2015 гады распрацавана з мэтай стварэння ўмоў для прыярытэтнага сацыяльна-эканамічнага развіцця сельскіх тэрыторый, павышэння эфектыўнасці аграпрамысловага комплексу. Яна з'яўляецца комплекснай і ўключае ў сябе 18 праграм рознага ўзроўню. У адпаведнасці з ёй у 2015 годзе ў сельскай гаспадарцы прыбытак ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ і паслуг павінен узрасці больш чым у 9 разоў да ўзроўню 2010 года і скласці больш Br3,5 трлн. Планаваная рэнтабельнасць продажаў - 10-11%. У цэлым тэмп росту вытворчасці прадукцыі ў гаспадарках усіх катэгорый у 2011-2015 гадах плануецца ў аб'ёме 139-145%. -0-
БЕЛТА