9 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Тэмы гатоўнасці да новага навучальнага года ўстаноў адукацыі, падрыхтоўкі кадраў у краіне, аптымізацыі структуры і зместу адукацыйных праграм абмяркоўваліся 9 жніўня падчас дакладу Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку міністра адукацыі Сяргея Маскевіча. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Міністр праінфармаваў, што ўсе ўстановы адукацыі цалкам гатовы да пачатку новага навучальнага года. У прыватнасці, укамплектаваны штаты настаўнікаў і выкладчыкаў, выдадзены неабходныя вучэбна-метадычныя дапаможнікі. Арганізаваны продаж школьнай адзежы і абутку, школьна-пісьмовых прыналежнасцей. Па словах міністра, прадуманы таксама меры матэрыяльнай падтрымкі малазабяспечаных сем'яў, у якіх ёсць школьнікі. У школах усё падрыхтавана для арганізацыі паўнавартаснага харчавання дзяцей падчас вучобы. Сёлета ў краіне пачнуць працу 6 новых школ, 15 новых дашкольных устаноў, 2 новыя інтэрнаты. Міністэрства адукацыі пачынае рэалізацыю некалькіх пілотных праектаў, адзін з якіх - па інтэнсіўным укараненні электронных сродкаў навучання ў навучальны працэс. Гэты праект рэалізуецца сумесна з беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Вызначана восем устаноў адукацыі краіны, дзе будзе пачаты эксперымент па выкарыстанні нетбукаў у пачатковых класах. Прэзідэнту быў прадстаўлены новы навучальны прыбор. Кіраўнік дзяржавы адобрыў ідэю. У ходзе дакладу абмяркоўвалася тэма якасці падрыхтоўкі кадраў у беларускіх установах. "Нам трэба вельмі сур'ёзна разглядаць пытанне падрыхтоўкі кадраў у краіне. Баюся памыліцца, але можна сказаць, што прыкладна на траціну мы навучаем студэнтаў таму, што потым абсалютна непатрэбна ў жыцці, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - І мы ведаем, тут хаваць няма чаго: у ВНУ многія студэнты асобныя прадметы амаль не вывучаюць або ж вывучаюць толькі для таго, каб здаць залік ці экзамен, паколькі гэта ім у будучыні не спатрэбіцца". Гэтая праблема была ўзнята ў ходзе нядаўняй рабочай паездкі Прэзідэнта ў Горацкі раён Магілёўскай вобласці, дзе размешчана найстарэйшая аграрная ВНУ - Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія.