15 ліпеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным працягнуць практыку стварэння ў краіне шматпрофільных вытворчых аб'яднанняў. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў сёння, заслухоўваючы справаздачу генеральнага дырэктара ПА "Беларускі металургічны завод" Анатоля Савенка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адкрываючы нараду, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўжо склалася практыка заслухоўваць у Прэзідэнта справаздачы буйных прадпрыемстваў і аб'яднанняў. "На сённяшнім прыкладзе вы бачыце, што гэта не проста Беларускі металургічны завод, які размешчаны ў Жлобіне, гэта аб'яднанне чатырох прадпрыемстваў. Гэта таксама практыка нашай эканомікі, калі мы дапамагалі аднавіць вытворчасць на буйных прадпрыемствах, калі мы іх падымалі, мадэрнізавалі, а потым за кошт стратных або ж закінутых прадпрыемстваў пашыралі аб'ёмы і наменклатуру тавараў, якія выпускаюцца на галоўным прадпрыемстве", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, галоўнае прадпрыемства, як лакаматыў, выцягвала за сабой гэтыя адстаючыя прадпрыемствы. Такім чынам утвараліся вельмі буйныя кампаніі. Як лічыць кіраўнік дзяржавы, падобную практыку трэба развіваць і ўдасканальваць. Прэзідэнт сказаў, што ў многіх краінах дзве буйныя кампаніі наогул вызначаюць эканоміку ўсёй дзяржавы.
"Таму нам неабходна ствараць шматпрофільныя аб'яднанні, што мы, дарэчы, і робім ужо не першы год, а на працягу цэлага дзесяцігоддзя, каб яны маглі цягнуць за сабой эканоміку нашай краіны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Сёння на прыкладзе БМЗ і разглядаецца выкананне даручэння Прэзідэнта.
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Мы некалі падтрымалі такія буйныя прадпрыемствы, як БелАЗ, МАЗ, "Амкадор", БМЗ. І калі яны сталі ў поўны рост, мадэрнізаваліся - попыт на іх прадукцыю ўзрос. Тады плошчаў для вытворчасці не хапала і мы перадавалі стратныя прадпрыемствы, утвараючы буйныя кампаніі. Мяне больш за ўсё цікавіць, як ідзе гэты працэс, як у іх з экспартам. Таму што актуальнае пытанне - недахоп валюты, гэта пытанне экспарту".
У ходзе справаздачы абмяркоўваецца тэма фарміравання экспартных цэн, рэалізацыя прадукцыі.-0-
БЕЛТА
А. Лукашэнка лічыць неабходным працягнуць практыку стварэння шматпрофільных вытворчых аб'яднанняў
15.7.20110 праглядаў