5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 5 снежня прыняў з дакладам старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыса Батуру. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара. Губернатар далажыў кіраўніку дзяржавы аб пачатку работ па рэалізацыі яго даручэння, у адпаведнасці з якім у наступным годзе ў кожнай гаспадарцы рэспублікі павінна быць мадэрнізавана адна ферма пад сучасныя тэхналогіі вытворчасці. "Думаю, гэта пасільная задача. Зараз ва ўрадзе прапануюць некаторыя формы падтрымкі ў выглядзе шыферу, цэменту, дрэва. У нас усё гэта ёсць. Мы значна можам зрабіць танней, - адзначыў Прэзідэнт. - Але ўсюды павінны быць пэўныя аб'ёмы. Усё будзе пад жалезным кантролем, каб тут не было ніякага крадзяжу, адцягнення нават на іншыя мэты". Па словах Барыса Батуры, у цяперашні час інтэнсіўна распрацоўваецца дакументацыя, і асноўная ўвага рабоце па мадэрнізацыі ферм будзе нададзена ў зімовы перыяд, калі людзі менш заняты ў сельскай гаспадарцы. Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным у бліжэйшы час зрабіць стаўку на актыўнае развіццё менавіта Мінскай і Віцебскай абласцей, за кошт якіх плануецца атрымаць значную прыбаўку ў эканоміцы краіны ў цэлым. "Мы будзем дапамагаць Мінскай вобласці ў прыярытэтным парадку, таму што адсюль мы павінны атрымаць дадатковыя аб'ёмы сельскагаспадарчай і прамысловай прадукцыі, паслуг. Мы будзем акцэнт рабіць на Мінскай вобласці, не забываючы, у другую чаргу, Віцебскую, каб краіну падняць за кошт гэтых дзвюх абласцей", - сказаў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што астатнія рэгіёны ў сілу розных прычын у сваім развіцці пайшлі наперад. Губернатар Міншчыны таксама далажыў Прэзідэнту аб прыцягненні ў рэгіён інвестыцый, у тым ліку ў сельскую гаспадарку. Кіраўнік дзяржавы ў чарговы раз падкрэсліў, што ў Беларусі, і Мінскай вобласці ў прыватнасці, дастаткова зямель, якія можна выкарыстоўваць пад інвестпраекты, не выводзячы з сельгасабароту ворныя землі. Барыс Батура таксама праінфармаваў аб тым, што Мінская вобласць у бягучым годзе выконвае асноўныя якасныя прагнозныя паказчыкі. Трохі меншымі ў параўнанні з прагнозам чакаюцца рост валавога рэгіянальнага прадукту (107% да ўзроўню 2010 года замест 109%) і вытворчасці прадукцыі ў сельскай гаспадарцы - 105%. У рэгіёне за год таксама будзе ўведзена каля 1,1 млн. кв. м жылля (па прагнозе - 1,3 млн.).